Магілёўца асудзілі на паўгода калёніі за распальваньне нацыянальнай варожасьці
Жыхара Магілёва Аляксея Кузьміна асудзілі на паўгода калёніі агульнага рэжыму за распальваньне нацыянальнай варажнечы. Яго зьвінавацілі паводле 1 часткі 130 артыкула Крымінальнага кодэксу — «Наўмысныя дзеяньні, скіраваныя на ўзбуджэньне нацыянальнай варажнечы».
Паводле сьледзтва, Кузьмін разьмяшчаў у інтэрнэце заклікі да гвалту і зьнішчэньня расейцаў, габрэяў ды народаў Каўказу, а таксама інфармацыю, якая зьневажае іхныя гонар ды годнасьць.
Падсудны сваю віну прызнаў і раскаяўся. «Я ўсьвядоміў сваю віну і зразумеў, што зрабіў вялікую дурасьць. Прашу ўлічыць, што ад маіх дзеяньняў ніхто не пацярпеў і ніхто не скарыстаўся зь іх так, як я пісаў. Гэта самае галоўнае. Адзінае, прашу не пазбаўляць мяне свабоды», — сказаў у апошнім слове Аляксей Кузьмін.
Затрымалі Кузьміна сёлета 9 жніўня супрацоўнікі КДБ. З таго дня ён заставаўся пад вартай. У судовай залі сядзеў у клетцы.
Выкрылі Кузьміна супрацоўнікі ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму. Міліцыянты зьвярнулі ўвагу на разьмешчаныя ў адной з суполак матэрыялы з нацысцкай сымболікай і выказваньні, скіраваныя на распальваньне нацыянальнай варажнечы. На той самай старонцы быў разьмешчаны пратакол адміністрацыйнага пакараньня Кузьміна за дэманстрацыю ў інтэрнэце нацысцкай сымболікі.
Паводле пракурора Тацяны Амосавай, Аляксей Кузьмін у 2014 годзе зацікавіўся палітычнымі працэсамі ва Ўкраіне, пранікнуўся поглядамі ўльтраправых арганізацый, пасьля чаго і пачаў варожа ставіцца да габрэяў і расейцаў. Сваё нэгатыўнае стаўленьне да габрэяў Кузьмін тлумачыў тым, што яны пазаймалі ва Ўкраіне ключавыя пасады, імкнуцца да ўзбагачэньня за кошт іншых. А да расейцаў ён ставіўся адмоўна за іхнія імпэрскія амбіцыі адносна іншых краінаў.
Кузьмін, казала прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачваньня, стварыў у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» суполку, у якой разьмяшчаў публікацыі з нэгатыўным стаўленьнем да расейцаў, габрэяў і народаў Каўказу. Амосава спаслалася на словы Кузьміна, што ён усьведамляў наступствы сваіх дзеяньняў. Каб папулярызаваць сваю суполку, ён штучна павялічваў яе наведвальнасьць.
Пракурор прасіла суд пакараць Кузьміна адным годам пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Адвакат прасіў суд даць ягонаму падабароннаму пакараньне, мінімальна магчымае па інкрымінаваным абвінавачаньні. Ён прасіў улічыць станоўчыя характарыстыкі падсуднага, а таксама тое, што разьмешчаныя ў інтэрнэце матэрыялы не нанесьлі шкоды грамадзтву.
Судзьдзя Рыгор Качалаў прысудзіў Кузьміну паўгода калёніі агульнага рэжыму.
Асуджаны мае права зьвярнуцца з просьбай пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.