Барысаўская міліцыя “запрашала” да сябе журналістаў пад пагрозай непадпарадкавання
У Барысаве 30 кастрычніка адбыўся несанкцыянаваны ўладамі пікет з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны і прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх вінаватых у гібелі радавога Коржыча. Удзельнікаў пікета затрымалі.
Разам з затрыманымі ў міліцыю былі “запрошаныя” прадстаўнікі мясцовых СМІ: журналісты газеты “Борисовские новости” Анатоль Букас і Вольга Кунчэўская, журналіст сайта ex-Press.by Павел Сляпухін.
На спробу адмовіцца ад запрашэння ў РУУС капітан міліцыі Сяргей Якімовіч задаваў пытанне: “Вы адмаўляецеся падпарадкоўвацца патрабаванням супрацоўніка міліцыі?”
Пасля прафілактычных гутарак, якія доўжыліся з гадзіну, усе журналісты былі адпушчаныя. Па словах Сляпухіна, у яго выдалілі ўсе фотаздымкі, зробленыя падчас пікету.
На судовых працэсе над удзельнікамі пікету, які адбыўся ў той жа дзень у судзе Барысаўскага раёна, капітан міліцыі Якімовіч выступаў сведкам і адмаўляў, што журналісты былі затрыманыя.
Ён заявіў, што ўсе яны былі запрошаныя ў міліцыю ў якасці сведкаў правапарушэння. Пры гэтым, на пытанне суддзі, чаму гэтыя сведкі не былі запрошаныя ў пасяджэнне, міліцыянт адказаць уцямна нічога не змог.