“Бежанцы” Юрыя Каліны — прэм’ера ў Гродне
У Гродне 29 кастрычніка адбыўся прэм’ерны паказ фільма “Бежанцы. 1915-1922”. Польскі рэжысёр беларускага паходжання Юрый (Ежы) Каліна зняў гэты фільм для тэлеканала “Белсат”. Кінастужка ўжо неаднаразова станавілася пераможцам розных прэмій і конкурсаў.
Дакументальны фільм распавядае пра гісторыю прымусовага перасялення трох мільёнаў людзей у ліхалецці Першай сусветнай вайны. Тады бежанцамі сталі пераважна праваслаўныя беларусы, а таксама ўкраінцы і рускія.
Першы паказ у Гродне адбыўся ў Клубе праваслаўнай размовы пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы.
— Я стараўся зрабіць гэты фільм адукацыйным. Адмыслова для тых, хто нічога не ведае пра гэтую гісторыю масавага перасялення, — зазначыў аўтар фільма Юрый Каліна. — Між тым, у адной толькі тагачаснай Гродзенскай губерніі бежанцамі былі вымушаныя стаць каля 80 % беларусаў. У 1915 годзе, да прыкладу, вёска Кашалі ў Бельскім павеце (цяпер у Польшчы) адкуль я родам выехала ўся. Такіх вёсак было сотні.
— Ці плануеце вы зрабіць нейкі працяг гэтага фільма?
— Працягу гэтага фільма не будзе, таму што я распавёў усю гісторыю ад выезду да вяртання. Я скончыў гэтую тэму, але думаю пра іншую, звязаную з высяленнямі пасля Другой сусветнай вайны. У 1945–1946 гадах амаль 50 тысяч этнічных беларусаў з межаў цяперашней Польшы выехала ў Беларусь, ва Украіну, у Расею паводле так званай рэпатрыяцыі. У другі бок палякаў выехала намнога больш. Мне цікавы лёс гэтых людзей.
Гродзенская прэм’ера фільма “Бежанцы. 1915–1922” стала магчымай дзякуючы намаганням настаяцеля Свята-Пакроўскага сабора айца Георгія Роя:
— Гэта тэма надзвычай актуальная для Заходняй Беларусі. Лёсы многіх нашых продкаў звязаныя з тэмай Першай сусветнай вайны і гэтага вымушанага бежанства, — кажа святар. — Многія сем’і напэўна могуць ўзгадаць аповяды старэйшых людзей, якім цяжкім выпрабаваннем было гэтае бежанства, а пасля вяртанне. Ёсць і такія, хто не змог вярнуцца, таму што загінулі ў тым ліхалецці. Канешне, вось гэтую памяць патрэбна захоўваць.
Першая прэм’ера “Бежанцаў” адбывалася ў фармаце дыскусіі: спачатку быў паказаны фільм, потым была размова з Юрыем Калінай. Папярэдне паказы планаваліся і ў іншых грамадскіх месцах Гродна, аднак на іх правядзенне гродзенскія ўлады і кіраўніцтва ўстановаў не далі дазвол.
Фота Аляксандра Саенкі