Бацькам Алеся Залеўскага пагражаў чалавек, які назваўся «лейтэнантам КДБ»
Бацькам журналіста тэлеканала «Белсат» Алеся Залеўскага сёння а 14-й гадзіне на хатні нумар патэлефанаваў невядомы чалавек, які назваўся лейтэнантам Камітэту дзяржбяспекі. Спачатку ён спытаў, як звязацца з Залеўскім, а пасля перайшоў да пагрозаў.
«Ён пачаў казаць: ці вы ў курсе, што і ваш сын, і вы таксама выказваецеся супраць прэзідэнта? Альбо вы адмаўляецеся ад свайго сына? Мне дадзеныя паўнамоцтвы, я магу вам усё перакрыць, ператрасем у вас усё на працы», – цытуе свайго суразмоўцу маці Алеся Залеўскага Таццяна.
Алесь Залеўскі адзначыў у размове з belsat.eu, што ўспрымае гэтыя званкі як адназначны ціск на сябе.
«Усе пачалося недзе 5 дзен таму, у мяне ўзламалі Фэйсбук і сталі пісаць маім знаёмым: «Чувак, соры, а можаш па-расейску?». Пры тым, што «соры» – гэта мае характэрнае слаўцо. Пасля гэтага я усе паролі памяняў.
Раней, 5–6 год таму мяне запрашалі на гутарку КДБшнікі ў Гародні, але яны заўжды размаўлялі ветліва, мякка. У гэтага ж чалавека быў правакацыйны тон. Канешне, гэта 100-адсоткавы ціск на мяне, але з боку каго – пакуль няясна. Магчыма, гэта асабісты «хэйтэр», а магчыма, што не», – кажа журналіст.
Нагадаем, Алесь Залеўскі – аўтар і вядоўца праграмы «Людскія справы» на «Белсаце».
«Мы ў перадачы «Людскія справы» займаемся, у тым ліку, пытаннямі карупцыі, але занадта не палітызуем іх. Мясцовыя чыноўнікі ў рэгіенах «атрымліваюць па шапцы» пасля выхаду нашых сюжэтаў, гэта праўда», – дадаў ён.