Школа грамадска-палітычнай журналістыкі — новы кірунак у адукацыйным блоку ГА “БАЖ”
27 кастрычніка сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сабраліся на пілотную адкрытую лекцыю вядомага палітолага і незалежнага аналітыка Андрэя Ляховіча на тэму "Палітычныя ідэалогіі ды "дзяржаўная ідэалогія" ў Беларусі" ў межах Школы грамадска-палітычнай журналістыкі.
Удзельнікі адкрытай лекцыі даведаліся простай мовай пра прынцыпы і адрозненні асноўных палітычных ідэалогіяў і дачыненне да іх т. зв. “дзяржаўнай ідэалогіі” Беларусі, распрацаванай уладамі ў 2003 годзе.
“Вельмі часта журналісты бяруць на сябе ролю экспертаў, але пры гэтым такімі не з’яўляюцца. У выніку дэвальвуецца якасць журналісцкага матэрыялу і рэнамэ сродкаў масавай інфармацыі. Таму важна надаць журналістам, якія займаюцца той ці іншай праблематыкай, базавыя веды на адпаведную тэматыку, таксама пазнаёміць медыйшчыкаў з экспертнай супольнасцю, якая прафесійна займаецца тым ці іншым пытаннем — ці то палітычныя ідэалогіі, ці то нацыянальная бяспека, ці то міжнародныя стасункі, ці то эканамічны стан краіны і перспектывы яго развіцця. Дзеля вырашэння гэтай задачы ўзнікла ідэя заснаваць у межах ГА “БАЖ” Школу грамадска-палітычнай журналістыкі для сябраў Асацыяцыі”, — кажа сябра Рады ГА “БАЖ”, магістр дзяржаўнага кіравання Андрусь Клікуноў.
У рамках Школы плануюцца адкрытыя лекцыі з вядучымі беларускімі і міжнароднымі экспертамі, кансультацыі адмыслоўцаў, практычныя варштаты для сябраў ГА “БАЖ».
Сачыце за абвесткамі ў рубрыцы “Конкурсы і навучанне” на сайце ГА “БАЖ” і бярыце ўдзел у мерапрыемствах Школы грамадска-палітычнай журналістыкі!
Вітаюцца ідэі сябраў ГА “БАЖ” па тэматыцы заняткаў у межах Школы. Калі ласка, дасылайце вашыя прапановы на адрас электроннай пошты baj@baj.by з пазнакай “Школа”.