Віцебскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача
На пасяджэнні суда ў Віцебску 25 кастрычніка скаргу журналіста адхіліла суддзя Святлана Іванова. Зміцер Лупач быў нязгодны з прысудам, які вынес яму суддзя Глыбоцкага райсуда Андрэй Тарасевіч 6 кастрычніка.
Недакладнасці і нестыкоўкі ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні суддзю Тарасевіча не збянтэжылі. Ён усё адно прызнаў журналіста вінаватым і прысудзіў штраф у памеры 30 базавых велічыняў.
Нагадаем, адміністрацыйную справу супраць Змітра Лупача распачаў 6 верасня старшы інспектар Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан. Журналісту інкрымінавалі парушэнне артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за відэасюжэт “Захад-2017” на тэлеканале “Белсат”. Правапарушэнне з боку журналіста Цырбан заўважыў, праводзячы маніторынг сеткі інтэрнет.
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, дзеянні суддзяў як Глыбоцкага райсуда, так і Віцебскага абласнога ён лічыць анахранізмам:
«Прыцягненне да адміністрацыйнай адказанасці за распаўсюд інфармацыі — гэта рэальны анахранізм. Я здзіўляюся, чаму суддзі не разумеюць артыкул, па якім Змітра Лупача прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб СМІ. Дык вось, калі адкрыць Закон аб СМІ, то артыкул 3 закона кажа пра тое, што ён распаўсюджваецца на юрыдычных асобаў».
Артыкул 3. Сфера дзеяння Закона аб СМІ
1. Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на сродкі масавай інфармацыі, якiя засноўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама на замежныя сродкі масавай інфармацыі ў частцы, якая тычыцца іх дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
2. Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на аналагi друкаваных, тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт, за выключэннем патрабаванняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі.
Зміцер Лупач — фізічная асоба. І як тады можна прыцягнуць да адказнасці фізічную асобу, калі адказнасць распаўсюджваецца толькі на юрыдычных асобаў, — для мяне не зразумела. Чаму гэта зразумела для суддзяў і чым суддзі і першай, і другой інстанцый кіраваліся — мне цікава.
Зміцер Лупач з рашэннем суда не згодны і лічыць яго незаконным. Журналіст намераны абскарджваць яго ў вышэйшай інстанцыі:
«Я фізічна не магу размяшчаць аніякай інфармацыі на сайце “Белсат”. А згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, кожны грамадзянін мае права збіраць інфармацыю і свабодна яе распаўсюджваць».
Пакуль незалежны журналіст суддзіцца за справядлівасць, на яго заведзеная яшчэ адна адміністрацыйная справа за сюжэт пра далучэнне Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната да камбікормавага завода. Справу зноў ініцыявалі глыбоцкія міліцыянты, у прыватнасці старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц. У хуткім часе новую праву Лупача павінны перадаць у суд Глыбоцкага раёна.
Сёлета гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на журналіста-фрылансера Змітра Лупача за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”.