Алексіевіч вязе ў Мінск Сакурава. Хто гэты смелы чалавек?
Вядомы расійскі рэжысёр выступіць перад мінскай публікай 28 кастрычніка.
66-гадовы Аляксандр Сакураў працуе ў жанры інтэлектуальнага кіно. Ягоныя фільмы «Малох», «Цяля», «Аляксандра», «Расейскі каўчэг» былі намінаваныя на «Залатую пальмавую галіну» Канскага кінафестывалю. А «Фаўст» у 2011 годзе здабыў «Залаты Леў» Венецыянскага фестывалю.
Сакураў у кіно складана эксперыментуе: ягоны «Расейскі каўчэг» [«Русский ковчег»] быў зняты адным суцэльным кадрам, без мантажу.
У той жа час Сакураў не проста рамеснік кіно. Ён інтэлектуал, які займае выразную палітычную пазіцыю.
У снежні 2016 года ён не пабаяўся на сустрэчы з Пуціным у твар папрасіць вызвалення арыштаванага ў Крыме па абвінавачванні ў тэрарызме ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.
А перад тым, у сакавіку 2014 года, калі Расія пагрузілася ва ўра-патрыятызм на хвалі анексіі Крыма, Сакураў выступіў з заявай, у якой адзначыў, што выкарыстанне ваеннай сілы супраць украінцаў будзе мець незваротныя наступствы для самой Расеі. Ён заклікаў расіян паважаць жаданне украінцаў жыць асобнай дзяржавай: «Мы не адзін народ з украінцамі, мы розныя. У нас ўнутрана розныя культуры.
Нездарма ўкраінцы заўсёды хацелі жыць асобнай дзяржавай. Так, мы блізкія, у нас ёсць шмат падобнага, але гэта не азначае, што мы адзін народ. Гэта зусім не так. Мы розныя і нам гэтую рознасць трэба паважаць і шанаваць».
На выбарах 2016 года Сакураў узначальваў пецярбургскі спіс апазіцыйнай партыі «Яблык», пры гэтым застаючыся беспартыйным.
А ў лютым 2017 года Аляксандр Сакураў сказаў, што расейскія палітычныя каментатары, а таксама супрацоўнікі расійскага тэлебачання і радыёвяшчання рана ці позна паўстануць перад Гаагскім трыбуналам, паколькі яны «з’яўляюцца правакатарамі, якія падчас пажару раскідваюцца запалкамі».
«Яны павінны быць пакараныя, — дадаў Сакураў. — Гэта ж проста злачынцы, якія працуюць і на дзяржаўных, і на прыватных каналах. І там, і там няма ніякай адказнасці за падобныя паводзіны».
Сакурава ў «Клубе Алексіевіч» прыме сталічны Дом Кіно. Гэта будзе субота, сустрэча пачынаецца а 19‑й гадзіне, уваход па запрашэннях, але, мусіць, пры жаданні туды можна будзе прабіцца і так.