Міністэрства абароны адказала БАЖу (дакумент)
У верасні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярталася у Міністэрства абароны з просьбай скасаваць дыскрымінацыйны падыход пры акрэдытацыі журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.
Справа ў тым, што паводле Інструкцыі ведамства, акрэдытацыя журналістаў недзяржаўных СМІ ажыццяўляецца толькі пасля ўзгаднення пытання Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы. Да акрэдытацыі журналістаў дзяржаўных СМІ такога патрабавання няма.
Такім чынам, розны парадак акрэдытацыі для журналістаў паводле прыкметы працы ў дзяржаўных альбо недзяржаўных СМІ, супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным абавязальніцтвам Беларусі. Апроч гэтага Інструкцыяй не прадугледжаны парадак абскарджвання адмовы ў акрэдытацыі.
У адказ Міністэрства абароны за подпісам Уладзіміра Макарава адказвае, што меркаванне ГА “БАЖ” прынятае да ведама, а рашэнне аб акрэдытацыі журналістаў прымаецца ў кожным выпадку індывідуальна.
Удзел ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у абмеркаванні будучых прававых актаў Міністэрства абароны лічыць немэтазгодным.