Журналісты з Глыбокага ўшанавалі памяць беларускага мастака, этнографа і фалькларыста Язэпа Драздовіча
Глыбоцкія сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” разам з грамадскімі актывістамі з Шаркоўшчыны наведалі могілкі ў вёсцы Малыя Давыдкі Глыбоцкага раёна, дзе пахаваны вядомы зямляк, усклалі кветкі і ўзгадалі цікавыя факты з біяграфіі мастака.
Па традыцыі кожны год у дзень нараджэння Драздовіча там збіраюцца неабыякавыя да яго мастацтва людзі з тых раёнаў, якія лічаць яго сваёй знакамітасцю.
Заснавальніца культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак кажа, што яны ніколі не забудуць свайго земляка. І хоць у невялікай колькасці, але кожны год будуць наведваць магілу ў кастрычніку, у час яго нараджэння.
Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў вёсцы Пунькі Глыбоцкага раёна. Пражыў 65 год і памёр у падсвільскай бальніцы ад раку ў адзіноце і галечы. Пакінуў пасля сябе шмат карцін і маляванак, якія пісаў мясцовым жыхарам за “кавалак хлеба”.
Пасля наведвання магілы журналісты і актывісты завіталі на бацькоўскую сядзібу Мар’яна Місевіча ў вёсцы Перадолы. Там спадар Мар’ян паказаў новую маляванку, знойдзеную ім нядаўна ў Глыбоцкім раёне. Мяркуецца, што яе намаляваў Язэп Драздовіч. Прысутныя разгледзелі і фотаздымкі з іншых імпрэз, прымеркаваных да ўшанавання памяці вядомага мастака. Іх робіць Мар’ян Місевіч і афармляе на стэндах у сваёй сядзібе.
Увогуле сядзіба спадара Мар’яна ўяўляе сабой аформленую ў стэндах гісторыю Беларусі. Да таго на двары ў любое надвор’е вісіць бел-чырвона-белы сцяг. А герб Пагоня прымацаваны да сцэны, якую зрабіў нядаўна на сваім участку гаспадар, каб праводзіць разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку і свята бацькоўскага дома. Такую імпрэзу ён праводзіць кожны год улетку і запрашае туды сваіх родных і сяброў.
Сам Мар’ян Місевіч, а таксама наведнікі сядзібы так і кажуць пра яго бацькоўскі дом: сядзіба, дзе жыве Беларусь.
Напрыканцы журналісты і грамадскія актывісты наведалі музей турызму ў сядзібе Мар’яна Місевіча і сабраліся за агульным сталом на бяседу.