Рымашэўскі: Насуперак рэзалюцыі ПАСЕ пераслед журналістаў працягваецца
Беларускія ўлады не звярнулі ніякай увагі на апошнюю рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў нашай краіне. Гаворка ідзе не толькі пра адмову афіцыйнага Мінска ўводзіць мараторый на смяротнае пакаранне, але і пра ўмовы працы ў краіне як палітычных структур, так і незалежных журналістаў. Пра гэта 10 кастрычніка падчас пасяджэння камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі ў Страсбургу заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
Рымашэўскі: “У нас па-ранейшаму пераследуюцца незалежныя журналісты. Не толькі існуе праблема з акрэдытацыяй, але цягам апошніх месяцаў мы назіралі суды над незалежнымі журналістамі, перашкоды іх працы. Свабода асацыяцый застаецца толькі на паперы ― наша партыя да гэтага часу застаецца незарэгістраванай. Ніякіх зменаў няма і ў пытанні свабоды мірных сходаў ― вялізныя штрафы і арышты на паўмесяца сталі вынікам апошняй мірнай акцыі ў цэнтры Мінска”.
Таксама Рымашэўскі звярнуў увагу дэпутатаў ПАСЕ на “навінку” ў змаганні беларускіх уладаў з нязгоднымі з афіцыйным курсам: ― “падатковыя інспекцыі аказваюць ціск на прадпрымальнікаў, звязаных з апазіцыяй”. І нагадаў еўрапейскім палітыкам, што ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя сумленнымі і свабоднымі.
На думку Рымашэўскага, вырашыць праблемы, азначаныя ў рэзалюцыі ПАСЕ датычна сітуацыі ў Беларусі, можна толькі праз дыялог уладаў і грамадзянскай супольнасці. Палітык заклікаў дэпутатаў ПАСЕ спрычыніцца да арганізацыі і ўдзелу ў такім дыялогу ― “у самым шырокім яго фармаце”.
Тэмай пасяджэння камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, якое праходзіць 10 кастрычніка ў Страсбургу, стала рэзалюцыя ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі. У рэзалюцыі, прынятай ПАСЕ 27 чэрвеня, выказваецца шкадаванне пра парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне і прапаноўваецца спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС.
Апроч сустаршыні незарэгістраванай партыі БХД Віталя Рымашэўскага, у пасяджэнні камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі бяруць удзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Андрэй Навумовіч, а таксама праваабаронца Алесь Бяляцкі.