Ці ёсць прыкметы экстрэмізму ў канфіскаваных выданнях — вырашыць суд
Шостае ўпраўленне ГУБАЗіК накіравала ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы заяву аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі, канфіскаванай падчас налёту на мерапрыемства ў Баранавічах 27 жніўня.
Зацікаўленымі асобамі ў суд выкліканыя актывіст Яўген Жураўскі і былы расійскі палітвязень Аляксей Сутуга.
Як паведамляецца ў заяве, 29 жніўня забраныя друкаваныя выданні былі накіраваныя ў Брэсцкую абласную экспертную камісію для ацэнкі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў іх прыкмет праявы экстрэмізму. Паводле вынікаў экспертызы ад 18 верасня камісіяй ўстаноўлена, што канфіскаваныя ў маладых людзей кніга «Зыход» (падлеткавая проза), а таксама брашура «Псіхалогія допыту» і шэсць часопісаў «Аўтаном №37» змяшчаюць прыкметы экстрэмізму.
На падставе гэтага начальнік ГУБАЗіК па Брэсцкай вобласці Аляксандр Лаўруковіч просіць суд прызнаць гэтыя выданні экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Аднак, Яўген Жураўскі не згодны з высновамі экспертнай камісіі, з якімі яму ўдалося азнаёміцца.
«Довады экспертнай камісіі з нагоды прыкметаў экстрэмізму ў канфіскаваных друкаваных выданнях падаюцца мне слабымі: гвалт і ненарматыўная лексіка ёсць у вялікай колькасці іншых кніг, якія не прызнаныя экстрэмісцкімі. Па такіх крытэрах можна і ў 90% фільмаў-баевікоў знайсці прыкметы экстрэмізму. Довад аб прыкметах нацыяналізму ў антыфашысцкай кнізе наогул гучыць смешна», — адзначыў малады чалавек.
Разгляд справы прызначаны на 9.30 раніцы 12 кастрычніка ў судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы.
Нагадаем, 27 жніўня каля 14 гадзін у Баранавічах было затрымана 15 чалавек, якія прыйшлі на сустрэчу з былым палітвязнем Расіі, анархістам Аляксеем Сутугай.
Моладзь даставілі ў ГАУС, дзе пратрымалі ад чатырох гадзін і болей. На трох грамадзян Расійскай Федэрацыі склалі пратаколы па арт. 17.11 КаАП – “Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць”, бо пры іх было дзесяць асобнікаў часопіса “Аўтаном”. Таксама ў іх адабралі аўтамабіль, усе тэлефоны, відэакамеру і нават паўэр-банк.
Сярод затрыманых былі непаўнагадовыя, аднаго з іх моцна збілі ў пастарунку.