“Месяц фатаграфіі” ў Гродне
У Гродне адкрылася выстава з міжнароднага праекта “Месяц фатаграфіі”. На сценах “Цэнтра гарадскога жыцця” можна ўбачыць тры дзясяткі прац самых знакамітых фатографаў Беларусі, сярод якіх знаходзяцца і працы арганізатара праекту Андрэя Лянкевіча.
Паводле Андрэя Лянкевіча, адметнасць фотавыставы, якую прывезлі ў Гродна ў тым, што гэта выстава пра мару творцаў адчыніць музей фатаграфіі:
— Ідэя стварэння музея дзесяцігоддзямі вітае ў паветры, пра гэта мараць і шэраг мастакоў, і людзі, апантаныя фатаграфіяй. Таму мы ўзялі на сябе такую адказнасць і сабралі фатаграфічную калекцыю. Таму што, калі ў вас ёсць фатаграфічны архіў, то канешне ж вам значна прасцей знаходзіць “сцены”.
Праект “Месяц фатаграфіі” ладзіцца чацвёрты год і ўжо выйшаў за межы Мінска. Сёлета ён адкрывае свае выставы таксама ў Брэсце, Гродне і Лынтупах. Усе яны на тэму калектывізацыі.
Для гродзенскага фатографа, сябра ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Аляксандра Саенкі гэтая выстава вельмі адметная і адрозніваецца ад іншых фотавыстаў:
— Мэта “Месяца фатаграфіі” вельмі важная, таму што яна папулярызуе нашу сутнасць, прыадчыняе нам аўтараў, а таксама збірае калекцыю старых майстроў, і новых фатографаў. І калі створыцца мультымедыйны музей фатаграфіі, людзі ўбачаць усё разам, у адным месцы. Таксама гэтая выстава для мяне вельмі важная, таму што я магу ў адным месцы ўбачыць усе новыя подыхі сучаснай беларускай фатаграфіі, што існуюць на дадзены момант.
Выстава ў Гродне — гэта частка вялікага архіву бюро фотафестываля «Месяц фатаграфіі», яна будзе экспанавацца да 30 верасня 2017 года.