Ларысу Шчыракову чакае два новых суды за супрацоўніцтва з «Белсатам»
На журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову склалі два пратаколы за інфармацыйныя матэрыялы для тэлеканала "Белсат". У адным з іх распавядаецца пра гаротны стан аўтарынка “Асаўцы”, у іншым — пра спробу ўладаў ўшчыльніць забудову на вуліцы Цімафеенкі і супрацьдзеянне гэтаму мясцовых жыхароў.
Пратаколы былі вырабленыя ў Савецкім і Чугуначным райаддзелах міліцыі Гомеля.
“Ціск на незалежных журналістаў не спыняецца, — лічыць Ларыса Шчыракова. — Выглядае, што праваахоўныя органы змушаюць фрылансераў, і мяне асабіста, сысці з прафесіі. Але ёсць яшчэ сілы супраціўляцца ціску, ёсць салідарнасць і падтрымка калегаў. Дый героі публікацый стаяць на маім баку, адзначаючы, што праца мая — сацыяльна важная і карысная. Урэшце гэта мой маральны абавязак, нягледзячы на перашкоды, збіраць і распаўсюджваць аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю”.
Паводле складзеных міліцыяй пратаколаў адбылося ўжо пяць адміністрацыйных судоў і столькі ж пакаранняў штрафамі Ларысы Шчыраковай, агульная сума якіх склала 3 381 рубель.