Шосты штраф цягам года: журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага зноў пакаралі за працу без акрэдытацыі
Суддзя Жлобінскікага раённага суда Валянціна Сапонава 11 верасня пакарала гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (575 рублёў) за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.
Падставай для пакарання стаў адміністрацыйны пратакол, складзены ўчастковым інспектарам Жлобінскага РАУС Міхаілам Патапенкам паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП.
Жукоўскі нібыта незаконна праводзіў “інтэрв‘юіраванне жыхароў вёскі Пірэвічы”, а пасля выкарыстаў гэтыя інтэрв‘ю ў эфіры спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” і такім чынам “незаконна вырабіў і распаўсюдзіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі”.
Сёлета гэта ўжо шосты адміністрацыйны штраф гомельскаму журналісту- фрылансеру.
Усяго з пачатку года міліцыя склала супраць Кастуся Жукоўскага 14 адміністрацыйных пратаколаў, большасць з якіх датычныя так званага незаконнага вырабу прадукцыі СМІ без акрэдытацыі. Агульная сума штрафаў дасягнула 5 635 рублёў. Шэраг адміністрацыйных справаў паводле артыкула 22.9 КаАП былі спыненыя з прычыны зыходу тэрмінаў для вынясення пакарання.
Усяго за апошнія тры гады Жукоўскага 18 разоў каралі штрафамі за працу без акрэдытацыі. Сума спагнанняў, паводле цяперашняга курсу валют, наблізілася да 6,5 тысячы долараў.