«Советская Белоруссия» на судзе даводзіла, што «хуліган» Дзядок — як «гопнік» і «баклан» ВЫНІК
У судзе Савецкага раёну працягваецца разгляд пазову былога палітвязьня і журналіста Мікалая Дзядка да рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» («СБ. Беларусь сегодня») аб абароне гонару і годнасьці, а таксама кампэнсацыі маральнай шкоды за заявы наконт яго ў артыкуле Андрэя Мукавозчыка «Анархия, мать...».
Дзядок дамагаецца публікацыі абвяржэньня ў газэце, свае «маральныя пакуты» ён ацэньвае ў 10 тысяч рублёў. Першае судовае паседжаньне адбылося 17 жніўня, дзе выступілі прадстаўнікі бакоў.
Прадстаўнікі «СБ» — Андрэй Мукавозчык і рэдактар юрыдычнага аддзела выданьня Аляксей Шпілеўскі — просяць далучыць да справы раздрукоўкі артыкулаў з розных інтэрнэт-сайтаў, дзе Дзядок фігуруе як анархіст, а таксама раздрукоўку з акадэмічнага слоўніка сынонімаў слова «хуліган» — «гопнік» і «баклан».
Дзядок пярэчыць: «захапленьне адказчыка крымінальным жаргонам ня мае дачыненьня да справы».
Андрэй Мукавозчык кажа, што нідзе ў ягоным артыкуле пазоўнік не названы тэрарыстам; разважае, што такое анархізм, — выступ яго надрукаваны на некалькіх старонках. Сьцьвярджае, што пазоў Дзядка «палітычна бязграматны».
«“Добрае імя” ў дачыненьні да злоснага хулігана Дзядка — гэта аксюмаран», — кажа Мукавозчык.
Прамова яго перасыпаная эпітэтамі, трапнымі параўнаньнямі. Судзьдзя Дзьмітры Жданок яго некалькі разоў перабівае і просіць гаварыць па сутнасьці спрэчкі, а не зачытваць агульныя разважаньні. Судзьдзя заклікае Мукавозчыка «прытрымлівацца парадку і не даваць ацэнкі пазоўніку і адвакату».
Другі прадстаўнік пазванага, рэдактар юрыдычнага аддзелу выданьня Аляксей Шпілеўскі, таксама зачытвае публіцыстычную прамову на некалькіх старонках, спасылаецца на расейскія сайты vesti.ru, lenta.ru, ria.ru, а таксама на belapan.by, nn.by, euroradio.fm, belaruspartisan.org.
«Наведвальнасьць гэтых рэсурсаў значна большая, чым наведвальнасьць сайту „СБ. Беларусь сегодня“ sb.by», — кажа Шпілеўскі і пытаецца: «Чаму Дзядок не падае пазовы да гэтых інтэрнэт-рэсурсаў?»
Судзьдзя Жданок перабівае і другога пазванага і просіць гаварыць «па сутнасьці».
Сьведка, маці Мікалая Валянціна Дзядок, расказала, як у яе пасьля публікацыі «сапсаваліся стасункі з роднымі, а таксама з суседзямі ў вёсцы», дзе яна мае дом.
14:20 Судзьдзя Дзьмітры Жданок вынес рашэньне па пазову Мікалая Дзядка да рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» («СБ. Беларусь сегодня») аб абароне гонару і годнасьці: адмовіць у задавальненьні пазова і кампэнсацыі маральнай шкоды. Дзядок і ягоная адвакатка Натальля Мацкевіч паведамілі Свабодзе, што рашэньне суду Савецкага раёна зьбіраюцца абскарджаваць у Менскім гарадзкім судзе.