Журналіст Івашын працягвае абскарджваць свой арышт на Дзень Волі ў Мінску
Гродзенскі журналіст, рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніс Івашын атрымаў чарговы адказ на сваю скаргу на незаконны арышт у сакавіку гэтага года.
Спачатку Дзяніс Івашын абскардзіў рашэнне суда Фрунзенскага раёна Мінска, затым у красавіку суддзя Хаткевіч разглядаў скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі. А напрыканцы ліпеня адбылося судовае паседжанне Мінскага гарадскога суда, дзе разглядалася касацыйная скарга Івашына на незаконнае затрыманне і на судовае рашэнне першых дзвюх інстанцый.
Нагадаем, Дзяніс Івашын быў затрыманы ў Мінску на Дзень Волі і асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Падчас працэсу над Івашыным два разы перараблялі пратакол, таксама ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы доўга не хацелі казаць адвакату, прадстаўнікам СМІ, што прывезлі на працэс журналіста.
— Прыйшоў адказ ад старшыні Мінскага гарадскога суда Паўла Крышановіча. Мне адмоўлена ў задавальненні маёй скаргі і пакінута ў сіле рашэнне суда першай і другой інстанцыяў. Хачу сказаць некалькі словаў пра суддзю Крышановіча. Ён пачаў сваю кар’еру ў судовай сістэме ў 1994 годзе. Спачатку быў стажорам ў суддзе Цантральнага раёна Мінска, потым выконваў абавязкі суддзі, стаў неапасрэдна суддзёю, працаваў суддзёю ў Партызанскім раёне Мінска. І ўжо ў 2013 годзе паводле ўказу Лукашэнкі быў прызначаны старшынёй Мінскага гарадскога суда, — распавёў Івашын.
Журналіст Дзяніс Івашын расказаў, што мае намер пісаць наглядную скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі:
— Буду пісаць пра абсалютна неправамерны прысуд, злачынны прысуд супраць мяне. Я лічу, што праз такія рашэнні выносіцца забарона на прафесійную дзейнасць журналіста ў Беларусі, заплюшчваюцца вочы на злачынныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. На тое, як яны фальсіфікуюць, падрабляюць дакуманты, то бок займаюцца службовым падлогам — за гэта ўсё ёсць крымінальная адказнасць. І ў прынцыпе дзеля гэтага я і працягваю займацца справай, хачу прайсці ўсю сістэму, назбіраць максімум прозвішчаў. Я магу сказаць, што пазбавіцца дыктатуры можна, калі ні ў якіх абставінах не праяўляць канфармізм. Трэба змагацца за свае правы, адстойваць іх. Як журналіст я збіраю звесткі пра гэтых суддзяў, пра ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія робяць злачынствы. Мая задача — назбіраць максімум інфармацыі, распаўсюджваць яе і даваць натхненне іншым на змаганне з сістэмай.