У Гродне суд не знайшоў абразы ў сюжэце тэлерадыёкампаніі “Гродна” пра сябра БНФ Вадзіма Саранчукова
Пазоў старшыні гродзенскай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова да тэлерадыёкампаніі “Гродна” пра абарону гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі не задаволены. Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Гродна.
“Суд скончыўся прадказальна — незадавальненнем маёй скаргі, — гаворыць Вадзім Саранчукоў. — Нягледзячы на тое, што ў судзе былі прадстаўленыя ўсе доказы, якія падцвярджаюць маю правату, суд расцаніў іх недастаткова важкімі.Нявыплату падаткаў залічылі нібы я нідзе не працаваў. Тыя дамовы з крамамі, куды я перадаю прадукцыю, таксама палічылі недастатковым доказам. Бо, са словаў суддзі, немагчыма дакладна вызначыць па гэтых дамовах, што я перадаваў сваю прадукцыю. А якую я перадаваў? — на гэтае пытанне адказу няма. Я цудоўна разумею, што суд не мог дапусціць прэцэдэнта, бо тады б такіх скаргаў былі б сотні. Таксама трэба адзначыць, што суд чарговы раз не прайшоў іспыт на адпаведнасць заканадаўству. Зараз я рыхтую скаргі ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, бо на свае звароты ў пракуратуру адказу я так і не атрымаў. Мушу канстатаваць, што справядлівага заканадаўства і суда ў Беларусі сёння няма”.
На судзе прадстаўніком грамадскасці выступаў юрыст Юры Чавусаў, які назваў відэасюжэт Гродзенскага тэлебачання прапагандаю.
Па словах Юрыя Чавусава, мэтай фільма было нанесці шкоду Саранчукову і іншым людзям, пра якіх вялася гаворка ў фільме.
Паказальным з’яўляецца тое, што аўтары пасаромеліся прыйсці ў судовы працэс і схаваліся за плячыма юрыста.
Вадзім Саранчукоў разам з юрыстамі збіраецца дабіцца справядлівасці. Далей будуць звароты ў Камітэт дзяржкантролю і Вярхоўны суд.