У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі адбылася вечарына «Гісторыя ў газеце. Газета ў гісторыі» ФОТЫ
Наведнікі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея даведаліся пра газеты, якія выдаваліся ў Брэст-Літоўску ў 1900-1915 гадах. Мерапрыемства ладзілася ў межах праекту, прысвечанага 1000-годдзю горада Брэста.
Са сваім гістарычным даследаваннем, якое тычыцца перыядычных выданняў горада на пачатку XX стагоддзя, удзельнікаў імпрэзы пазнаёміў сябра ГА «БАЖ», галоўны рэдактар газеты «Брестский курьер» Мікалай Аляксандраў. Ён не толькі распавёў пра газеты таго часу, але і даў магчымасць пабачыць з уласнай калекцыі, як выглядалі арыгінальныя брэсцкія выданні больша за сто гадоў таму.
Працягнуў размову навуковы супрацоўнік Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Алег Анісімаў, ён прадставіў перыядычныя выданні горада, якія захоўваюцца ў музейных архівах і зараз адабраныя для адмысловай выставы.
Каб прысутным было лягчэй арыентавацца ў змесце тагачасных газет, арганізатары падрыхтавалі даведку з апісаннем некаторых падзей, што адбываліся на тэрыторыі Гродзенскай губерніі (у яе склад увоходзіў і Брэст-Літоўск) у 1910 годзе і знайшлі водгук на газетных старонках.
Сябра ГА «БАЖ» Любоў Паўлава (Аляксандрава) свой выступ прысвяціла калегам-журналістам, што працавалі на брэсцкім тэлебачанні, радыё і друкаваных выданнях у 1980–2000 гады.
А скончылася імпрэза незвычайным майстар-класам, жадаючыя маглі папрацаваць на друкаванай машынцы, зробленай у 1970‑х гадах.