«Тузін гітоў» падаў у суд на ідэоляга Менгарвыканкаму
Начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму Павал Скалабан не дазволіў жывую прэзэнтацыю альбому Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі». TuzinFM палічыў гэтае рашэньне незаконным і падаў заяву ў суд.
Так выйшла, што сын знакамітага архівіста і гісторыка Павал Скалабан забараніў праводзіць прэзэнтацыю музычнай праграмы, прысьвечанай гісторыі Беларусі. Альбом «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата музыка Алесь Дзянісаў прэзэнтаваў на TuzinFM на пачатку лета, а 16 верасьня мелася адбыцца жывая прэзэнтацыя ў Менску. Адпаведная заява на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня была накіраваная ў Менгарвыканкам. Але пасьля таго, як галоўнае ўпраўленьне папрасіла прадаставіць тэксты песень, якія будуць выконвацца на канцэрце, у выдачы гастролькі было адмоўлена. Адметна, што ў адказе кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня П. Скалабан упершыню спаслаўся на Кодэкс «Аб культуры» (раней канцэрты не дазваляліся са спасылкаю на ўказ кіраўніка дзяржавы №257, на пункт, у якім вялося пра прапаганду вайны, экстрымізму ды іншага).
Згодна з п.1.3 арт. 215 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб культуры», на які спасылаецца ідэоляг, падставай для адмовы ў правядзеньні канцэрту з’яўляецца «заключэньне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананьня». Адпаведнага заключэньня выдадзена не было, а на просьбы хоць нешта патлумачыць з нагоды адмовы, галоўны ідэоляг не адрэагаваў. Таму было прынятае рашэньне абскардзіць дзеяньні дзяржаўнага органа ў судовым парадку. Адпаведную заяву арганізатар канцэрту і кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін падаў у Эканамічны суд горада Менску.
«Я не разумею, якім чынам адбыўся замер мастацкага ўзроўню выкананьня, хто гэта рабіў, якім чынам, па якіх крытэрах і навошта. У любым разе, вырашаць гэтае пытаньне мусяць самі слухачы, а не чыноўнікі ў кабінэтах. Перакананы ў тым, што дзеяньні ідэолягаў абсалютна незаконныя. Відавочна, што мы маем справу з цэнзураю. Прыкра, што нам перашкаджаюць падтрымаць Алеся Чобата – аўтара вершаў да гэтага альбому, які цалкам страціў зрок і жыве зусім адзін у сваёй хаце ў Скідзелі. Мы хацелі перадаць яму частку грошай, атрыманых з канцэрту», – распавядае Сяргей Будкін.
Арганізатара канцэрту падтрымлівае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч: «Сам пункт кодэксу «Аб культуры», на які спасылаюцца ідэолягі, парушае заканадаўства. Бо ў Канстытуцыі гарантуецца свабода выказваньня свайго меркаваньня, у тым ліку і ў мастацкай форме. Абмежаваньні дапускаюцца толькі ў тых выпадках, калі гэта нясе небясьпеку – грамадзкаму парадку, маральнасьці, здароўю, правам іншых… А гэта ня той выпадак», – тлумачыць юрыст.
У заяве, скіраванай у Эканамічны суд, ёсьць дзьве просьбы: прызнаць дзеяньні ўпраўленьня ідэалягічнай працы незаконнымі і абавязаць гэтае ўпраўленьне выдаць гастрольнае пасьведчаньне на любую прымальную для арганізатараў дату.
Даведка TuzinFM:
Алесь Дзянісаў – музыкант, рок-паэт, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў нацыянальнага панк-руху. Нарадзіўся 26 сакавіка 1975 году ў Горадні. Скончыў школу-ліцэй № 1 (1992), факультэт гісторыі і сацыялёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1997). З 1997 да 2007 працаваў настаўнікам гісторыі і грамадзкіх навук, клясным кіраўніком у сярэдняй школе № 15. Звольніўся на ўласнае жаданьне. Цяпер займаецца журналістыкай і музыкай. Музычную кар’еру пачаў у 1993 годзе. Граў на гітары ў гурце «Гематаген» (1993—1994). У 1996 годзе разам са Зьмітром Антаневічам заснаваў гурт «КальЯн». За час свайго існаваньня гурт запісаў восем альбомаў. Першы электрычны альбом «У краіне цудаў» (1997) быў выдадзены ў спліце з гуртом Deviation у Польшчы. У 1998 годзе «КальЯн» узяў Гран-пры на фэстывалі «Басовішча». У 2008 годзе, зноў жа ў Польшчы, зьнятыя кліпы на песьні «Барацьба» і «Радыеактыўны сьнег». У 2011 годзе песьня «Радыеактыўны сьнег» была прызнана галоўным беларускім антыядзерным гітом. Апошні па часе дыск мае назву «Антыпазытыў» (2011). У 2011 годзе Алесь Дзянісаў заснаваў новы музычны праект «Людзі на балоце». У 2012 годзе стаў адным з заснавальнікаў і ўдзельнікаў панк-рок-фармацыі Dzieciuki. Удзельнічаў у музычных праектах «Апошні золак» (2013), «Новае пакаленьне на Новы год» (2015). Жанаты, мае дачку.
Алесь Чобат – паэт, аўтар вершаў для праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі».
Нарадзіўся 23 жніўня 1959 году ў мястэчку Скідаль. Скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут у Менску (1981). Быў канструктарам ліцейных формаў, намесьнікам старшыні Гарадзенскай Рады БНФ «Адраджэньне». Працаваў журналістам, экскурсаводам Музэя М. Багдановіча ў Гародні. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (1993) і міжнароднага ПЭН-клюбу (1995). Аўтар паэтычных зборнікаў і кніг: «Год» (1992); «Новая Гапілея» (1995), «Тутэйшая сага» (2000), «Край мой шчаслівы» (2007), «Зямля сьвятога Лукі» (2002; польскі пераклад 2003), «Легенда пра чатырох мушкецёраў» (2004), «Край мой шчасьлівы: кніга тысячы радкоў для дзяцей і для бацькоў» (2007), «Кароткая гісторыя Беларусі» (2014), «На дзікай прэрыі над Контрай, Гаўяй і Шчарай» (2014). Пераклаў з польскай мовы кнігі: Чэслаў Мілаш «Гое» (2005–2006), « Ян Павел ІІ. Рымскі трыпціх» (2003; разам з Данутай Бічэль). Зімой 2013 года перанёс гематому правага вока, цалкам страціў зрок. Інвалід першай групы. Жыве зусім адзін у Скідзелі.
БОЛЬШ ПА ТЭМЕ ЗАБАРОНАЎ У БЕЛАРУСІ — ПА ТЭГУ ЗА!БАРОНА