Тэлерадыёкампанія “Гродна” адмовілася пайсці на «міравую» з Вадзімам Саранчуковым
У Гродне 6 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна горада прайшло папярэдняе судовае пасяджэнне па пазову кіраўніка гродзенскай філіі БНФ Вадзіма Саранчукова супраць Гродзенскага тэлебачання.
Справа Вадзіма Саранчукова тычыцца абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі «Гродна” Барыс Кунцэвіч адмовіўся пайсці на “міравое пагадненне”, якое прапаноўваў Вадзім Саранчукоў — выбачацца ў эфіры тэлеканала «Гродна» і прыбраць відэа з Ютуб-канала гродзенскага тэлебачання.
Пра сваю пазіцыю на судзе распавядае Вадзім Саранчукоў: “Я абсалютна перакананы, што ў фільме пададзеная неадпавядаючая рэчаіснасці інфармацыя. Найперш, гэта сцверджанне, што я апошнія гады нідзе не працаваў. Гэта не так. Спасылка на тое, што ў мяне павінна быць майстэрня — гэта таксама не так. Мая майстэрня займае 20 квадратных сантыметраў і я магу працаваць ў любым месцы. Тое, што ніхто не бачыць маіх вырабаў, таксама не адпавядае рэчаіснасці, бо ёсць дамовы з крамамі, дзе яны стаяць на рэалізацыі. Я патрабую прызнаць гэтыя факты і абвергнуць факты, агучаныя ў сюжэце тэлерадыёкампаніі «Гродна”.
Пасяджэнне ў судзе вялося па-беларуску. Суддзя Ксенія Стасюкевіч пытала бакі, ці патрэбны ім перакладчык з беларускай на рускую пасля таго, як прадстаўнік тэлебачання заявіў хадайніцтва, каб працэс вёўся на рускай мове. Перакладчык не спатрэбіўся і працэс надалей вёўся на беларускай мове.
На судовы працэс у якасці прадстаўніка грамадскасці быў дапушчаны юрыст Юрый Чавусаў:
“Пазіцыя Саранчукова была даведзена больш абгрунтавана. Тэлерадыёкампанія фактычна прызнала, што распаўсюдзіла гэты ганебны фільм, але чамусьці яны саромеюцца прывесці ў суд аўтараў гэтай стужкі, — гаворыць Юрый Чавусаў. — Напэўна, каб не ганьбіць іх у сваю чаргу. Важна тое, што статус рамесніка ў Саранчукова ёсць, і гэта пацверджана дакументамі. Тэлерадыёкампанія спрабуе перавесці спрэчку ў кірунак творчасці. Называюць стужку “мастацкай крытыкай”. Саранчукоў сцвярджае, што крытыка не творчая, спрэчка — фактычная. У іх фактычна няма чым пацвердзіць, што ў гэтым прапагандысцкім матэрыяле прагучала і тут роля прадстаўніка тэлерадыёкампаніі не зайздросная. Яму прыходзіцца абгрунтоўваць і даказваць тое, аўтарам чаго ён сам не з’яўляецца. Тут відавочная розніца паміж прапагандыстам і журналістам. Саранчукоў спрабуе абвергнуць не ацэначныя суджэнні, а факты, якія былі паказаныя ў час той прапагандысцкай істэрыі, што мела месца не толькі ў Гродне, але і ў Мінску, дзе здымаліся такія стужкі. Думаю, працэс будзе цікавы. Я задаволены тым, што мяне як прадстаўніка грамадскасці дапусцілі. Гэта значыць, будзе магчымасць удзельнічаць у даследванні доказаў, заяўляць хадайніцтвы, выступаць у спрэчках”.
Пачатак працэсу — 14 ліпеня а 10.40
Фота Аляксандра Саенкі