Прыніжэньня не было, — суд адхіліў пазоў архітэктара Сяргея Ляпіна да «Гомельскай праўды»
Cудзьдзя Чыгуначнага раёну Гомля Дзьмітры Дзябой 6 ліпеня адхіліў пазоў архітэктара Сяргея Ляпіна за абразу гонару, годнасьці й спраўнай рэпутацыі да афіцыйнай газэты «Гомельская праўда» і яе карэспандэнта Рамана Старавойтава.
«Каб патрабаваньні абароны гонару й годнасьці былі задаволеныя, — вусна дадаў пасьля агалошваньня рашэньня судзьдзя Дзябой, — патрабуецца спалучэньне трох фактараў: зьвесткі павінны быць распаўсюджаныя, яны маюць характар ганьбы і не адпавядаюць рэчаіснасьці. Суд улічыў, што мэта і сэнс апублікаванага артыкулу („Ляпнул раз, ляпнул два… Всё неймётся“, інтэрнэт-вэрсія — „Будаўнічыя аб’екты Гомля пад прыцэлам інтэрнэт-правакатараў. Чаму няймецца „ляпіным“?“) за аўтарствам Рамана Старавойтава ёсьць ня гэтулькі прыніжэньнем гонару й годнасьці Сяргея Ляпіна, колькі крытыкай такой інтэрнэт-зьявы, як грамадзкі рэзананс на аснове неправеранай інфармацыі, так званых інфармацыйных „укідаў“, такіх, як інтэрнэт-правакацыі. Менавіта крытыка такой зьявы і ёсьць ляйтматывам артыкулу, які апублікавала „Гомельская праўда“. Да такой высновы прыйшоў і суд».
Паводле Дзябоя, суд адначасна ўбачыў і ацаніў, што некалькі выказваньняў за подпісам Рамана Старавойтава «насілі некарэктны, двухсэнсоўны характар», але яны «не дасягаюць характару прыніжэньняў, якія абражаюць гонар і годнасьць. Зьвесткі павінны насіць канкрэтны сэнсавы характар. Нейкія двухсэнсоўныя выразы, магчыма, недапушчальныя ў журналістыцы, але з прававога гледзішча на іх нельга ўгрунтаваць свае патрабаваньні абароны гонару й годнасьці».
За подпісам Старавойтава, і ня толькі яго, у «Гомельскай праўдзе» надрукавана некалькі матэрыялаў, у якіх аб’ектам зьдзеклівай крытыкі выступае архітэктар Сяргей Ляпін: «Абы ляпнуць», «Будаўнічыя аб’екты Гомля пад прыцэлам інтэрнэт-правакатараў. Чаму няймецца „ляпіным“?», «Хто і навошта падкінуў косьці на будаўнічую пляцоўку па вуліцы Сожаўскай у Гомлі?» Найбольш ярлыкоў і абразьлівых маніпуляцыяў з прозьвішчам пазоўцы мае артыкул «Ляпнул раз, ляпнул два… Все неймётся», пакладзены ў аснову пазову Сяргея Ляпіна. Архітэктар выстаўляецца ў публікацыі «аўтарам вуткі» пра пашырэньне вуліцы Пушкіна, чалавекам, які «спрытна сышоў ад абвінавачваньняў у дэзінфармацыі». У кантэксьце артыкула архітэктар — і «троль», і «правакатар» і нават «парушальнік нацыянальнай бясьпекі».
«Гомельская праўда»: Не пашэнціла з прозьвішчам
У судзе першы намесьнік галоўнага рэдактара газэты заявіў, што Ляпіну не пашэнціла з прозьвішчам, у аснове якога ляжыць кораць «ляп», адсюль, маўляў, і дзеяслоў «ляпаць».
Афіцыйная газэта абрынулася на архітэктара Ляпіна за тое, што на незалежным сайце «Сильные новости» ён выступаў з крытыкай рэканструкцыі вуліц Кірава, Інтэрнацыянальнай, Касманаўтаў і патрабаваў кампэтэнтных археалягічных дасьледаваньняў участку пад будаўніцтва шматкватэрнага дому на вуліцы Сожаўскай, бо гэтае месца на карце 1913 году пазначана як частка габрэйскіх могілак.
«Калі атрымаю матывацыйную частку рашэньня, — тлумачыць Сяргей Ляпін, — параюся зь юрыстамі, як паступаць далей. Бо з аднаго боку, як выказаўся судзьдзя, выразы ў артыкулах «Гомельскай праўды» нібыта «не дасягаюць характару прыніжэньняў», а зь іншага, яны «непрымальныя ў журналістыцы».
«Гомельская праўда», у сваю чаргу, зьвярнулася у эканамічны суд Гомельскай вобласьці па абарону, гонару, годнасьці і спраўнай рэпутацыі. Падставай стаў здымак Сяргея Ляпіна, на якім ён трымае «Гомельскую праўду» над сьметніцай. Здымак зьмешчаны на сайце «Сильные новости» разам з артыкулам «Крытыка рэканструкцыяў вуліц пагражае нацыянальнай бясьпецы? Краязнаўца падаў у суд на „Гомельскую праўду“, каб адстаяць сваю рэпутацыю». Газэта не пагадзілася з архітэктарам Ляпіным, што яна «выйшла за межы прыстойнасьці». Як напісана ў пазове, «артыкул і фатаздымак успрымаюцца як адно цэлае і зьмест артыкула асацыюецца з выявай на фатаздымку — адказьнікі параўноўваюць нашае друкаванае выданьне са сьмецьцем».
Разгляд пазову газэты да архітэктара прызначаны на 11 ліпеня.