“Газета Слонімская” зладзіла Дні падпісчыка на пошце
У апошнія два дні падпісной кампаніі на перыядычныя выданні на другое паўгоддзе 2017 года рэдакцыя “ГС” разам з работнікамі пошты зладзілі Дні падпісчыка ў двух паштовых аддзяленнях Слоніма.
Каляровыя балонікі, стэнд з газетамі, кепкі, асадкі, магніцікі, кубкі з лагатыпамі газеты прыцягвалі ўвагу падпісчыкаў, якія наведваліся ў тыя дні на пошту.
— Мяне прыемна здзівілі прызы. Ехала падпісваць часопіс «Стрекоза», а падпісалася яшчэ і на «Газету Слонімскую» ды атрымала падарункі. Вось падараваны кубак, мусіць, стане маім асабістым. Буду з яго піць гарбатку і каву. Раней чытала сайт gs.by, а цяпер вось і газету буду чытаць, — прызналася ў размове з нашым карэспандэнтам юная падпісчыца газеты Ліза на цэнтральнай пошце.
Людзі падыходзілі і падпісваліся хто на паўгады, хто на квартал, але найчасцей — на месяц, што абумоўлена фінансавымі магчымасці чытачоў.
Прыемнай адметнасцю гэтай падпісной кампаніі ўпершыню за 11 гадоў было і тое, што падпісацца на “Газету Слонімскую” агітавалі таксама паштальёны.
А тых чытачоў, што падпісаліся на паўгода, чакае яшчэ розыгрыш 21-га каштоўнага прыза ад выдаўца — ад пральнай машыны да фена.
Фота аўтара і з архіва “ГС”