Грошы на абстрактную “добрую справу” сталі ўнёскам у канкрэтную дапамогу — на набыццё вазка для Дар’і Ліс
Гісторыя “добрай справы” незвычайная: у час навучання на лідарскіх курсах трэнер Вітаўт Руднік прапанаваў рэгіянальным БАЖаўскім актывістам ахвяраваць любую суму. Без пэўнай “таксы”, проста так — каму колькі не шкада. Прычым на той момант ніхто не ведаў, што гэта за “добрая справа”. І ўвогуле вызначыцца, якая ж справа самая добрая, аказалася няпроста. Але — пра ўсё па парадку…
Калі сабралі і падлічылі, атрымалася 265 рублёў. Сума невялікая, і цяжка было прыдумаць, якую добрую справу можна зрабіць на гэтыя грошы. Слушных прапаноў было шмат: ахвяраваць на выданне беларускай азбукі, для дзяцей або сталых людзей у доме-інтэрнаце, для хоспіса і гэтак далей. У той дзень так і не прыйшлі да адзінага рашэння. І вырашылі крыху пачакаць, пакуль не прыйдзе яно, адзіна правільнае.
Сабраныя грошы чакалі “добрай справы” ажно паўгады. І, напэўна, так склаліся зоркі, што вырашэнне пытання прыйшло само сабой — калі калега-журналістка Даша Ліс распавяла пра сваё жаданне займець вазок з вертыкалізатарам. Гэта нават не проста жаданне – гэта відавочная неабходнасць, аднак набыць такую дарагую рэч (вазок каштуе прыкладна 34 тысячы рублёў) сям’я Дашы не ў стане.
Збор сродкаў ідзе і на “Талацэ”, але там пакуль што сабрана менш за палову неабходнай сумы. І кожны ахвотны можа ахвяраваць колькі грошай праз банкаўскі рахунак.
Транзітны рахунак банка 3812 114 000 312
«Прыёрбанк» ААТ
Код банка 749
УНП 100220190
Прызначэнне: для залічэння на дабрачынны рахунак № 749142–00631-000001, Ліс Дар’я Алегаўна.
Усе ўдзельнікі прапанаванай Вітаўтам Руднікам забавы пагадзіліся, што сабраныя грошы насамрэч можна патраціць з вялікай карысцю. І 16 чэрвеня актывістка Віцебскай філіі ГА “БАЖ” Алена Шабуня — часовая захавальніца “скарбу” — адправіла ўсю суму на рахунак Дашы Ліс.