Віцебскі абласны суд уціхую разгледзеў скаргу журналісткі Таццяны Смоткінай
Віцебскі абласны суд 14 чэрвеня разгледзеў скаргі журналістаў-фрылансераў Змітра Лупача і Таццяны Смоткінай на рашэнне Глыбоцкага суда — у траўні журналістаў пакаралі штрафамі за парушэнне артыкулу 22.9 КаАП Беларусі.
Нагадаем, у траўні Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача суд прызнаў вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ. Справу супраць журналістаў ініцыяваў мясцовы аддзел КДБ. Менавіта адтуль далі распараджэнне разабрацца, якім чынам інфармацыя пра пяціпавярховік, у якім 40 гадоў не было капрамонту, трапіла на тэлеканал «Белсат».
Журналісты абскардзілі рашэнне Глыбоцкага суда ў Віцебскім абласным судзе. Аднак разгляд справы адбываўся без удзелу Смоткінай і Лупача.
«Лупачу прыйшло паведамленне пра суд, які адбудзецца ў Віцебску. А мне нават нічога не даслалі і не паведамілі. Я патэлефанавала ў Віцебскі абласны суд. Сказалі. што ўсё разгледзелі, пакінулі без зменаў ранейшы прысуд. І дадалі, што яны толькі разглядаюць справы, усе астатнія прэтэнзіі — да Глыбоцкага суда. Без мяне мяне судзілі, і нават не напружаліся ў Глыбоцкім судзе мне паведаміць, калі будзе разглядацца мая скарга ў абласным. Далей мы збіраемся пісаць скаргу ў Вярхоўны суд», — расказала Таццяна Смоткіна Службе маніторынгу ГА «БАЖ».