Курʼёз: журналіст «Белсату» – адзін з галоўных ідэолагаў Берасцейшчыны!
Фотаздымак журналіста «Белсату» праз памылку змясцілі на адмысловай дошцы разам з фота начальнікаў з аблвыканкаму.
Гэтае фота зробленае ў берасцейскім кінатэатры «Беларусь». На аркушу паперы надрукаваныя фота, прозвішчы і пасады мясцовых чыноўнікаў. Наш журналіст Алесь Ляўчук, якога каралі штрафамі за ягоную працу, апынуўся ў ліку кіраўніцтва Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Берасця, прынамсі – ягонае фота. Пад фотаздымкам – подпіс: першы намеснік начальніка Ляўковіч Вадзім Мікалаевіч.
Менавіта сапраўдны ідэолаг Ляўковіч замінаў журналісту Ляўчуку выконваць прафесійныя абавязкі ў 2015 годзе. «Калі я пабачыў гэтае фота, то не мог стрымаць смех, – кажа Алесь Ляўчук. – Менавіта Ляўковіч перашкаджаў нам здымаць сюжэт, праз гэта пра яго напісалі ў інтэрнэце. Магчыма, людзі, што рабілі стэнд, не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам, таму выйшла такая памылка».