Суд у Магілёве зноў стаў на бок журналіста Лапцэвіча
Журналіст Уладзімір Лапцэвіч здолеў дамагчыся ў судзе, каб была адменена міліцэйская пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да чыноўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва Канстанціна Кісцянёва.
Суддзя суда Ленінскага раёна г. Магілёва В. Палякова 5 чэрвеня разгледзела скаргу Лапцэвіча на пастанову аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 23.05.2017 года, вынесеную ўчастковым інспектарам Ленінскага РАУС г. Магілёва А. Емельяненка.
Нагадаем, 29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва павінен быў адбыцца ініцыяваны раённымі ўладамі сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008.
Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак той на пасяджэнне патрапіць не змог.
Супрацоўнік Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якой папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці. Участковы Емельяненка пастанавіў спыніць справу за адсутнасцю складу правапарушэння.
Уладзімір Лапцэвіч не пагадзіўся з пастановай і звярнуўся са скаргай у суд Ленінскага раёна.
Суддзя В. Палякова прыняла довады журналіста і задаволіла яго скаргу.
Цяпер у дачыненні да чыноўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянева павінен пачацца новы адміністрацыйны працэс па справе аб яго самаўпраўстве.
Раней Уладзімір Лапцэвіч дамогся адмены яшчэ адной пастановы Ленінскага РАУС — таксама ў адносінах да Канстанціна Кісцянёва за адмову выдаць кнігу заўваг і прапаноў.