Пікет у Facebook? Суд прыняў нечаканае рашэнне ў дачыненні актывістаў
Адміністрацыйная справа супраць сям’і Сяргея і Вольгі Верамеенкаў за “пікет у сацыяльных сетках” спыненая. Гэткае рашэнне вынес суддзя Ленінскага раёна Гродна Руслан Гурын. Міліцыя абвінавачвала Верамеенкаў па арт. 23.34 КаАП за нібыта размешчаны ў сацыяльных сетках 7 мая здымак. Міліцыянты прыраўнялі гэты здымак да пікету.
Сям’я Верамеенкаў прыйшла на суд з рэчамі, бо рыхтавалася да таго, што ім дадуць суткі. Сяргей Верамеенка кажа, што задаволены рашэннем закрыць справу.
– У сённяшняй сітуацыі адбываецца такое, што рашэнне суда абсалютна лагічнае, абсалютна законнае. Мы гэтага не чакалі. Гэта гаворыць пра нашу судовую сістэму. Што ім там кажуць зверху, якія каманды раздаюць – невядома, – расказаў Сяргей Верамеенка карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
Сяргей Верамеенка збіраецца падаваць ў суд на міліцыянтаў, якія давалі непраўдзівыя паказанні па справе ў судзе.
– Буду пісаць і на спадара Вайцешку, і на спадара Казлоўскага, на ўсіх, хто прымаў удзел у гэтым паклёпніцкім акце. Гэта ганебная сітуацыя не толькі ў дачыненні да нас, гэта ганьба да нашых нацыянальных сімвалаў, – кажа Сяргей Верамеенка.
Праваабаронца і журналіст, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Віктар Сазонаў кажа, што не можа зразумець сітуацыю, якая адбылася на працэсе.
– Мы да гэтага бачылі абсурдныя справы калі бязрукіх судзілі за плясканне ў далоні. Гэтага абсурду мы так наглядзеліся, што і зараз былі перакананыя, што суд засудзіць Верамеенкаў да нейкага пэўнага пакарання. Тым не менш абсурд гэтай справы, складанне гэтага абсурднага пратакола было відавочным. Падтрымка грамадскасці была настолькі вялікай і незалежныя медыя апісвалі гэты працэс. На маю думку, недзе “высока” было прынята рашэнне не паглыбляцца ў гэты абсурд і не рабіць яшчэ большага пасмешышча з карных органаў, таму што ў сённяшніх умовах смех, які выклікаюць падобныя складанні пратаколаў, прыносяць яшчэ большую шкоду гэтай уладзе, чым такія апраўдальныя прысуды. Я лічу, што нам удалося на нейкім дробным этапе дамагчыся справядлівасці, – гаворыць Сазонаў.