Міліцыя ездзіць па слядах журналістаў і складае пратаколы (ВІДЭА)
– Як толькі мы едзем кудысьці здымаць сюжэт, і ён з’яўляецца на Youtube альбо на тэлеканале “Белсат”, адразу едуць міліцыянты складаць пратаколы за незаконны выраб прадукцыі СМІ, – абураецца гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі.
Участковы міліцыянт з Мазыра Андрэй Паўленка даслаў гомельскім журналістам-фрылансерам Кастусю Жукоўскаму і Андрэю Толчыну адміністрацыйны пратакол, у якім абвінавачвае іх у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для польскага тэлеканалу “Белсат” без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.
– Прыпісваюць нам статус замежных журналістаў, а потым абвінавачваюць у парушэнні закону аб СМІ і складаюць адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулу 22.9 КаАП. Выглядае, выконваюць нейкі план па колькасці выяўленых парушэнняў. Гэта мэтанакіраваны пераслед за фрылансерскую працу, – перакананы Жукоўскі.
У Мазыры фрылансеры распытвалі Алену Страху пра інцыдэнт, які адбыўся з яе грамадзянскім мужам Андрэем і амапаўцамі. Апошнія ноччу напрыканцы красавіка ў цывільнай вопратцы і масках забраліся на тэрыторыі прыватнай сядзібы, каб затрымаць Андрэя нібыта за крадзеж электразварачнага апарата. Выклікалі праз грукат у вокны на двор, бо нібыта зачапілі незнарок аўтамабіль, які стаяў у завулку, і напалі з‑за вугла хаты. У выніку двое амапаўцаў атрымалі нажавыя раненні.
У сюжэце пад назвай “Жыхары Мазыра падтрымліваюць мужчыну, які парэзаў міліцыянтаў”, паказаным на тэлеканале “Белсат” 4 мая, скарыстаны фрагменты інтэрв’ю з Аленай Страхой – сведкай арганізацыі затрымання ўначы яе грамадзянскага мужа.
Адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына маюць разглядацца па месцы жыхарства – у раённых судах Гомеля.