• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гродна: суд над сям’ёй Верамеенкаў за здымак у Facebook

    Суд Ленінскага раёна Гродна 25 траўня распачаў адміністрацыйны працэс за размешчаны ў сацыяльнай сетцы фотаздымак сямейнай пары Вольгі і Сяргея Верамеенкаў.

    Справу разглядае суддзя Руслан Гурын.

    Нагодай выкліку Верамеенкаў у суд стала размешчанае 7 траўня ў сацыяльнай сетцы Face­book сумеснае фота з гістарычным бел-чырвона-белым сцягам на фоне гродзенскага Новага замка.

    Міліцыянты палічылі гэта правапарушэннем і склалі пратакол па артыкуле Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 23.34 частка 3.

    У судзе прадстаўнікі Ленінскага РАУС Вадзім Налівайка і Аляксей Вайцешка даводзілі, што здымкі размешчаныя на прыватнай старонцы Сяргея Верамеенкі з’яўляюцца пікетам.

    Сяргей Верамеенка лічыць гэты працэс абсурдным:

    “Я так бачу, што мажліва суд не ведае як выкруціцца з гэтай сітуацыі. Вайцешка настойвае, што здымкі ў інтэрнэце – гэта пікет. Ні на адно маё пытанне ў судзе ён не адказаў. Можа падацца, што суд займае нейтральную пазіцыю, але ўжо колькі разоў мы былі сведкамі і ўдзельнікамі працэсу, калі суд нібыта аб’ектыўна разглядае ўсю справу, але потым выносіць рашэнне не тое, якое мы жадаем. Я лічу, што гэта проста абсурд. Мы фатаграфуемся са сцягам, выкладваем здымак у інтэрнэт. І гэта называюць пікетам. На судзе я прадставіў таксама здымкі, дзе людзі таксама фатаграфаваліся з іншымі сцягамі, у тым ліку з імперскімі, савецкімі сцягамі. Я дадаў здымак з нашага вяселля, дзе мы сфатаграфаваліся са сцягам. Хай яны таксама палічаць гэта пікетам”.

    Публіцыіст і сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Уладзімір Хільмановіч лічыць гэты суд юрыдычным абсурдам.

    “Самае характэрнае на гэтым першым пасяджэнні тое, што прадстаўнік РАУСа Аляксей Вайцешка публічна ў прысутнасці 15 чалавек заявіў, што ён асабіста аддаў распараджэнне не проста правесці апытанне падазраваных у здзяйсненні правапарушэння, а аддаў канкрэтныя інструкцыі ўчастковаму міліцыянту Уладзіміру Казлоўскаму як складаць гэты пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. І ён жа, Аляксей Вайцешка, адначасна выступае асноўным і галоўным сведкам на гэтым судовым працэсе. Большага юрыдычнага абсурду выдумаць цяжка”.

    У судзе абвешчаны перапынак да 9 раніцы 30 траўня, бо Верамеенкі выклікалі ў якасці сведкі ўчастковага міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці