Апублікаваная ўцечка з правілаў мадэраваньня Facebook
Да брытанскай газэты The Guardian трапілі ўнутраныя дакумэнты сацыяльнай сеткі Facebook, прысьвечаныя палітыцы мадэраваньня запісаў і камэнтароў у сетках.
З апублікаваных The Guardian дакумэнтаў вынікае, што мадэратарам прадпісваецца выдаляць перадусім камэнтары, у якіх утрымліваецца непасрэдная і рэальная пагроза гвалту канкрэтным асобам. У прыватнасьці, мадэратары павінны выдаляць заклікі «застрэліць Трампа», але не абавязаныя рабіць гэтага, калі адзін карыстальнік жадае сьмерці іншаму. Забароненыя таксама фота і відэа гвалту над дзецьмі — але толькі ў тым выпадку, калі гаворка ідзе пра відавочны садызм або апраўданьне таго, што адбываецца. Строгія правілы дзейнічаюць адносна публікацыі фотак аголеных людзей, аднак і тут існуюць выключэньні — можна публікаваць фотаздымкі, якія зьяўляюцца гістарычнымі дакумэнтамі.
Мадэратары Facebook прызнаюцца, што не заўсёды спраўляюцца зь вялізным патокам скаргаў на кантэнт, а правілы ня могуць апісаць усе магчымыя спрэчныя выпадкі: «Часам на прыняцьце рашэньня аб тым, ці выдаляць запіс, адводзіцца ўсяго 10 сэкундаў».
Карыстальнікі Facebook, у тым ліку вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі, крытыкуюць найбуйнейшую сацыяльную сетку ў сьвеце за яе палітыку мадэраваньня, скардзячыся на адсутнасьць выразных правіл таго, якія запісы дазволеныя, а якія будуць выдаленыя. Пры гэтым частка камэнтатараў крытыкуе Facebook за недастаткова актыўную барацьбу з так званай «мовай нянавісьці» і «ілжывымі навінамі», а іншыя сьцьвярджаюць, што мадэратары, сьціраючы тыя ці іншыя камэнтары і блякуючы карыстальнікаў, парушаюць свабоду слова. Час ад часу заблякаванымі ў Facebook аказваюцца, у прыватнасьці акаўнты вядомых расейскіх і ўкраінскіх блогераў і актывістаў.