• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў журналісцкага конкурсу “Жыццё пад Сэрцам” (фотарэпартаж)

    Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў узнагародзіла пераможцаў журналісцкага пралайф-конкурсу “Жыццё пад Сэрцам” 20 траўня. У конкурсе ўдзельнічала 19 матэрыялаў, сярод якіх сёлета былі і відэаматэрыялы.

    Сябры журы ацэньвалі матэрыялы па розных крытэрыях. Хрысціна Лялько, дырэктар выдавецтва “Про Хрысто”, ацэньвала матэрыялы па журналісцкім. Дыякан Царквы хрысціян веры евангельскай Анатоль Шырвель звяртаў увагу на хрысціянскую значнасць у матэрыялах канкурсантаў. Грамадская актывістка Вольга Кавалькова ацэньвала сацыяльную значнасць у матэрыялах.

    Адным з пераможцаў у конкурсе стала Валярына Кустава, журналістка “Белсату”. Яе выданне праграмы «Прыват» на «Белсаце» «Не наРАКай, альбо перамога над смерцю» падалося журы вартым узнагароды. Сама Валярына прызналася, што такія праграмы вельмі патрэбныя гледачам: “Для мяне гэта быў карысны досвед: пасля выхаду праграмы я атрымала шмат званкоў і паведамленняў з падзякамі. І мне вельмі прыемна атрымліваць узнагароду ў такой сяброўскай і ўтульнай атмасферы”.

    У лік пераможцаў увайшоў тэкст Вольгі Качалкі “Аборт перастае быць нормаю”, які быў надрукаваны ў каталіцкім часопісе “Ave Maria”. Сама журналістка на цырымонію ўзнагароджання патрапіць не змагла. Але пасля таго, як даведалася, што перамагла, падзялілася: “У мяне апошнім часам былі ваганні наконт таго, ці варта мне займацца журналістыкай. А гэты конкурс і сама перамога ў ім — проста нейкі цуд Божы для мяне!”.

    Яшчэ адным пераможцам конкурсу стала рэдактарка сямейнай рубрыкі “Крынічка” на партале “Krynica.info” Вольга Севярынец. Яе тэкст “Янка. Гісторыя аднаго маленькага жыцця” — споведзь маладой жанчыны, у якой памёр сынок амаль адразу пасля нараджэння. “Пасля таго, як гэта здарылася ў маім жыцці, — прызналася Вольга, — я зразумела, як усё ж такі блізка каля мяне Госпад! І толькі тады я навучылася па-сапраўднаму Яму давяраць”.

    Чацвёртым пераможцам у конкурсе стала  Ганна Палын. У адрозненні ад іншых канкурсантак, Ганна не займаецца журналістыкай. Яна даслала на конкурс споведзь з уласнага жыцця пад назвай “Когда мне было 17 лет, я сделала аброт”. Але журы ацаніла яе матэрыял высокімі баламі. “Мне сорамна стаяць перад вамі, — казала Ганна пасля ўзнагароджвання. — Але зараз, калі я прыйшла да веры і стала дапамагаць жанчынам, кажу, што ніякія прычыны не могуць служыць апраўданнем абортаў”.

    Прызёраў узнагароджвалі дырэктар цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля” Вера Сярдзюк, дырэктар “Школы сямейнага жыцця” ксёндз Сяргей Трысцень і галоўны рэдактар часопіса “Надежда для тебя” Ларыса Жыбрык.

    Сапраўднае натхненне на свята прынёс спявак Аляксандр Патліс. Ён быў крануты запрашэннем на гэты вечар і сказаў, што тэма абароны жыцця вельмі важная: “Тое, што вы займаецеся абаронай жыцця, азначае толькі тое, што вы ўдзельнічаеце ў вайне дабра са злом. І каб перамагчы гэтае зло, патрэбна мудрасць. У мінулым годзе я быў у журы конкурсу “Social wekeend”. І там быў прадстаўлены адзін праект па абароне жыцця. І каманда журы вырашала: абраць яго ці абраць праект па абароне жывёл. Аргумент сяброў журы, якія галасавалі за праект па абароне жывёл, быў просты: “Так яго ж прадстаўляюць нейкія баптысты!”. На што я адказаў: “Так я сам баптыст!”. У выніку, абралі праект па абароне жывёл, хаця я казаў пра тое, як  важна абараняць чалавечае жыццё. Пасля, калі я аналізаваў, чаму сталася менавіта так, я зразумеў, што ў каманды, якая прадстаўляла праект па абароне жыцця, была слабая прэзентацыя. І падумаў, што як жа ўсё ж такі важна якасна рабіць нават тыя ж прэзентацыі!”.

    Аляксандр Патліс падарыў зале некалькі ўласных спеваў. А пасля канцэрту гасцей імпрэзы чакаў пачастунак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці