У Менску абмяркуюць урадавую справаздачу па правах чалавека, якую ААН чакала з 1997 году. Прэсу не запрасілі
18 траўня ў Менску адбудзецца кансультацыя экспэртаў адносна 5-га пэрыядычнага дакладу пра выкананьне Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах чалавека. Даклад прадстаўлены ўрадам Беларусі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Кансультацыю ладзіць прадстаўніцтва ААН у Беларусі сумесна з МЗС Беларусі. Сустрэча пройдзе ў гатэлі «Манастырскі», побач з плошчай Свабоды, у старажытным будынку кляштара. Для прэсы сустрэча будзе закрытая, паведамілі арганізатары.
Пэрыядычны даклад падрыхтавалі МЗС Беларусі разам з шэрагам міністэрстваў і ўрадавых устаноў, у тым ліку Вярхоўным судом, КДБ, МУС, Генэральнай пракуратурай ды іншымі ўрадавымі структурамі. Адзін з запрошаных на сустрэчу, праваабаронца Алег Гулак мяркуе, што прадстаўнікі гэтых устаноў возьмуць удзел у кансультацыях і ён зможа выказацца пра падрыхтаваны даклад.
Запрашэньня на кансультацыю так і не атрымалі ў адной з самых вядомых і ўплывовых у Беларусі праваабарончых арганізацый — Праваабарончым цэнтры «Вясна». Намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч кажа, што гэта ня самае крыўднае.
«Канечне, шкада, што існуе такі падыход, бо мы заўсёды гатовыя абмяркоўваць сытуацыю з правамі чалавека з прадстаўнікамі ўраду. Тым больш што ўрад цяпер дэманструе жаданьне нешта зьмяніць да лепшага. Але — не запрасілі і не запрасілі.
Нам ніхто не замінае ўдзельнічаць у абмеркаваньні гэтага дакладу на іншых пляцоўках, у тым ліку ў ААН. Мы можам і там сказаць тое, што маем сказаць, бо ўключаныя ў працэдуру і ўдзельнічаем у падрыхтоўцы альтэрнатыўнага дакладу для Камітэту правоў чалавека ААН пра выкананьне Беларусьсю палажэньняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А таксама будзем выказвацца на іншых пляцоўках», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Стэфановіч: «Даклад вялікі, больш за 50 старонак, і зроблены ён у форме адказаў на пытаньні, якія задавала ААН. Таму трэба і з гэтымі пытаньнямі знаёміцца, калі ацэньваць адказы. А на што я найперш зьвярнуў увагу? На сыстэмныя хібы ў стаўленьні дзяржавы да правоў чалавека.
Прыкладам, у пунктах 18, 19, 20 наш МЗС паўтарае сваю пазыцыю, што яны ня лічаць магчымым выкананьне рашэньняў Камітэту правоў чалавека ААН, якія прымаліся па пэўных індывідуальных зваротах грамадзян Беларусі. Прычына нібыта ў тым, што, як яны лічаць, гэтыя рашэньні носяць не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар.
Але мы зусім ня можам з гэтым пагадзіцца, бо такая пазыцыя якраз і сьведчыць пра парушэньне Беларусьсю сваіх міжнародных абавязаньняў, якія вынікаюць з 1‑га факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Такіх рашэньняў вельмі шмат, магу згадаць з апошніх зварот у ААН маці зьніклага Юрыя Захаранкі — паважанай Ульяны Захаранкі, ды шмат іншых.
Беларусь адмаўляецца рэагаваць на гэтыя рашэньні, і атрымліваецца, што норма Канстытуцыі, якая дае грамадзянам права на звароты ў міжнародныя арганізацыі ў выпадку парушэньня іх правоў, носіць проста дэклярацыйны характар.
Нават Расейская Фэдэрацыя дэманструе іншы падыход, там ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суду, у якім пастаноўлена, што краіна павінна безумоўна выконваць рашэньні Камітэту правоў чалавека ААН, бо гэта міжнародная дамова. Але ў нас, паўтараю, такое права трывала ігнаруецца дзяржавай, і даклад гэта зноў пацьвярджае. Вось на што трэба адразу зьвярнуць увагу экспэртам».