Пасля пятнаццаці сутак арышту ў Брэсце выйшаў на волю мясцовы відэаблогер Сяргей Пятрухін
Адбылося гэта ўвечары 8 траўня, нягледзячы на тое, што на ўсе тэлефанаванні ў ізалятар часовага ўтрымання супрацоўнікі гэтай установы адказвалі: тэрмін арышту для Пятрухіна скончыцца 10 траўня.
Блытаніна звязана з тым, што ў сакавіку — яшчэ да рашэння суда — блогер амаль двое сутак знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны, калі падчас судовага працэсу зрабіў хадайніцтва пра неабходнасць заключыць дамову з адвакатам.
Апынуўшыся на волі, Сяргей Пятрухін скарыстаўся магчымасцю і адразу з’ехаў за мяжу, дзе ў яго была запланавана журналісцкая стажыроўка. Таму на наступны дзень (14 сакавіка) блогер у суд не з’явіўся і рашэнне пра адміністратыўны арышт на 15 сутак нібыта за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” яму было вынесена завочна.
25 красавіка, калі Пятрухін вяртаўся з Польшчы, ён быў адразу затрыманы брэсцкімі памежнікамі і перададзены супрацоўнікам міліцыі, якія адвезлі блогера ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста для адбыцця пакарання паводле рашэння суда.
Пасля выхаду на волю Сяргей Пятрухін паведаміў журналістам, што падчас арышту набыў карысныя веды і мае намер распавесці пра свой досвед знаходжання за кратамі ў наступных відэасюжэтах, якія ён будзе рыхтаваць.