• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Глыбоцкія журналісты зладзілі талаку і прыбраліся на магіле бацькі Ігната Буйніцкага ў Востраве

    У вёсцы Вострава на мясцовых могілках пахаваны ўладальнік маёнтка Тарквіні — Тэафіл Зыгфрыдаў-Гіяцынтаў Буйніцкі (1824 – 1896). Гэта — бацька Ігната Тарквіньевіча Буйніцкага, заснавальніка беларускага прафесійнага тэатра.

    Ігнат Буйніцкі нарадзіўся на Глыбоччыне ў фальварку Палівачы каля вёскі Празарокі і пахаваны ў вёсцы Празарокі. Пры мясцовай школе знаходзіцца музей у яго гонар, а магіла і помнік яму — у скверы. Там заўсёды прыбрана. А вось яго бацька спачывае ў вёсцы Вострава, і за яго магілай ужо даўно ніхто не даглядае.

    Вёска Вострава знаходзіцца ў  Галубіцкай пушчы. Калісьці тут быў маёнтак Буйніцкіх. Пра яго зараз узгадвае толькі невялікі парк на тэрыторыі мясцовага лясніцтва. Магілу бацькі Буйніцкага знайшлі толькі 27 жніўня 2013 года падчас навуковай экспедыцыі Алег і Ігар Куржалавы і стваральніца музея Ігната Буйніцкага ў Празароках Вольга Гінько.

    Калі глыбоцкія журналісты даведаліся пра існаванне магілы і пра тое, што яна патрабуе тэрміновай прыборкі, вырашылі наведаць гэтае месца і навесці там парадак. Спачатку з даездам не ўсё ладзілася, але нарэшце ў сонечны вясновы дзень выехалі ў Вострава. Магілу адразу было цяжка знайсці: яна зарасла хмызняком, прыйшлося расчышчаць да яе праход. Але талакой хутка з усім справіліся, навялі там парадак і нават пасадзілі кветкі пралескі.

    Як кажа глыбоцкі журналіст, рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае”  і краязнаўца Уладзімір Скрабатун, журналісты не толькі пішуць аб розных праблемах, але і вырашаюць іх. Талака на прыборцы магілы — адзін з такіх прыкладаў.

    — Мы прыехалі ў Вострава, каб прыбрацца на магіле бацькі заснавальніка беларускага тэатра. Тут пахаваны Тарквіні Буйніцкі і пахаваны ён тут з другой жонкай. Усюды значыцца Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі, а тут напісана — Тарквіні. Я веру даследаванням Ігара Куржалава, які некалі напісаў мне у Face­book, што тут знаходзіцца магіла. Я думаю, можна давяраць, што гэта той самы Тарквіні, альбо Цярэнцій Буйніцкі — бацька заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Да таго ж ёсць сведчанні, што сам Ігнат Буйніцкі падпісваўся Ігнатам Тарквіньевічам Буйніцкім.

    Пасля прыборкі на могілках глыбоцкія актывісты зладзілі сяброўскую вячэру ля вогнішча каля ракі Шоша. І на зваротным шляху наведалі сядзібу, дзе жыве Беларусь, Мар’яна Місевіча ў вёсцы Перадолы. Там спадар Мар’ян паказаў свой музей турызму, новую сцэну-альтанку, распавёў пра бел-чырвона-белы сцяг у сваім двары. На развітанне ён запрасіў журналістаў разам з сябрамі наведаць яго сядзібу і зладзіць там якую-небудзь імпрэзу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці