У Брэсце сябры ГА «БАЖ» абмяркоўвалі ўмовы фрылансу ў Беларусі і малявалі «ваўчыную лінію»
У Брэсце прэзентавалі брашуру «Фрыланс у мас-медыя» і абмеркавалі правы журналістаў.
Сябры ГА «БАЖ» з дапамогай юрыста намалявалі “ваўчыную лінію”, за якую журналісту нельга заходзіць у сваёй працы.
— Свабода выказвання меркавання і права на доступ да інфармацыі — гэта адны з асноўных правоў, без якіх немагчыма нармальнае функцыянаванне грамадства. Але важна разумець, што гэтыя правы не з’яўляецца абсалютнымі. Нельга мець доступ да любой інфармацыі без усялякіх абмежаванняў, — нагадвае журналістам сябра Праўлення БАЖ, юрыст Алег Агееў. — Штатны журналіст ці журналіст-фрылансер, рэалізуючы сваё права на свабоднае выказванне меркавання і права на інфармацыю, павінны памятаць пра забароны, якія ўстаноўлены законам. Гэта ваўчыная лінія, за якую журналісту нельга пераходзіць.
Пра досвед шведскіх журналістаў і ўмовы працы фрылансераў беларускія калегі цяпер могуць даведацца з брашуры “Фрыланс у мас-медыя”, якая нядаўна выйшла з друку ў Мінску. У працы над брашураю ўдзельнічаў і сябра арганізацыі, юрыст Аляксандр Жук. Ён апісаў юрыдычныя аспекты працы беларускіх фрылансераў. Менавіта на юрыдычных пытаннях брэстаўчане вырашылі засяродзіць сваю ўвагу, бо даволі часта ў сваёй працы здараецца сутыкацца з абмежаваннямі правоў журналістаў.
З дапамогай юрыста ГА «БАЖ» Алега Агеева сябры брэсцкай філіі акрэслілі выпадкі, калі гэтыя абмежаванні сапраўды законныя, а таксама абмеркавалі алгарытм дзеянняў у сітуацыях грубага парушэня правоў журналіста.
— Свабода выказвання меркавання і права на інфармацыю могуць быць абмежаваныя. Абмежаванні могуць уводзіцца ў інтарэсах дзяржавы і дзяржаўнай бяспекі, у інтарэсах правоў і свабод іншых людзей і ў інтарэсах грамадскай маралі. Але і ў Канстытуцыі, і ў міжнародных пагадненнях адназначна вызначана, што гэтыя абмежаванні толькі тады лічацца абмежаваннямі, калі яны ўстаноўлены законам. Само па сабе абмежаванне з’яўляецца нікчэмным, калі гэта вуснае распараджэнне, напрыклад, міністра ўнутраных спраў, намесніка начальніка міліцыі альбо старшыні выканкама, — тлумачыць Алег Агееў.
Разглядаючы забароны, якія ставіць беларускае заканадаўства, журналісты намалявалі ўмоўную “ваўчыную лінію”, за якую ў сваёй працы не варта пераходзіць. Але і абмеркавалі, як сябе паводзіць, калі правы журналіста, які сумленна выконвае сваю працу, нехта абмежаваў безпадстаўна. Медыя-юрыст параіў калегам не замоўчваць такія выпадкі і звяртацца са скаргамі ў адпаведныя структуры на адмову ў акрэдытацыі, адказ у доступе да інфармацыі і ў іншых выпадках.
— Пазітыўны вопыт шведсікх журналістаў натхняе, але нам пакуль не так проста працаваць. Таму сустрэча з Алегам Агеевым была для мяне карыснай і прадуктыўнай, — дзеліцца ўражаннямі брэсцкая журналістка-фрылансер Вікторыя Гамалінская. — Дагэтуль мне падавалася, што правы і абавязкі журналістаў даволі добра ведаю, але падчас дыскусіі інфармацыя ў галаве расклалася па палічках, я адчула сябе больш упэўненай у сваіх ведах. Да таго ж было карысна пачуць тлумачэне нашага заблытанага заканадаўства аб СМІ простымі словамі.