• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Відэатрансляцыя адкрыцця выставы World Press Photo

    З 4 да 24 мая ў Мінску пройдзе міжнародная выстава World Press Photo 2017, на якой можна будзе пабачыць найлепшыя сусветныя прэс-фатаграфіі 2016 года. Экспазіцыя будзе адкрытая для наведвання у прасторы ЦЭХ, Кастрычніцкая 16.

    Фотаконкурс World Press Pho­to 2017, вынікі якога паказвае нашая выстава, сабраў 5034 фатографаў са 126 краінаў, якія заявілі на конкурс 80 408 выяваў. У васьмі намінацыях (“Пільныя навіны”, “Агульныя навіны”, “Актуальныя тэмы”, “Штодзённасць”, “Людзі”, “Прырода”, “Спорт”, “Працяглыя праекты”) журы, у склад якога ўвайшлі 20 аўтарытэтных фатографаў, фотарэдактараў і куратараў фотавыставаў з усяго свету, узнагародзіла 45 фатографаў з 25 краінаў: Аўстраліі, Бразіліі, Канады, Чылі, Кітаю, Чэхіі, Фінляндыі, Францыі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Індыі, Ірану, Італіі, Пакістану, Філіпінаў, Румыніі, Расіі, Паўднёвай Афрыкі, Іспаніі, Швецыі, Сірыі, Новай Зеландыі, Турцыі, Вялікай Брытаніі ды ЗША. Тытул “Сусветнае прэс-фота года” атрымала праца Бурхана Эзбіліджы. Гэты турэцкі фатограф зрабіў для The Asso­ci­at­ed Press серыю здымкаў забойства расійскага амбасадара Андрэя Карлава ў мастацкай галерэі ў Анкары.

    У красавіку 2017 года фатографаў-пераможцаў запрасілі ў Амстэрдам, дзе ўручылі ўзнагароду “Залатое вока” падчас арганізаванага World Press Pho­to Foun­da­tion Фестывалю візуальнай журналістыкі. Фотаздымкі, якія перамаглі ў конкурсе World Press Pho­to, як і ў папярэднія гады, утварылі выставу, якая экспануецца ў 45 краінах і збірае штогод больш за 4 мільёны наведнікаў. У 2017 годзе выставу World Press Pho­to ужо другі раз прымае Беларусь.

    Журналісцкая фатаграфія – адзін з асноўных кампанентаў медыяпрасторы і самая распаўсюджаная крыніца візуальнай інфармацыі. Развіццё тэхналогіяў і попыт на фотавыявы робяць прафесію фотажурналіста, з аднаго боку, усё больш папулярнай, з іншага – дадаюць ёй пэўнай асаблівасці. Хуткасць перадавання інфармацыі, яе даступнасць ператвараюць сённяшні свет у адзін дасканала візуалізаваны ландшафт, у якім чалавек з фотакамерай займае далёка не апошняе месца. Тое, што мы бачым праз оптыку медыяў, шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму, кампетэнцыі, а таксама смеласці і адданасці фотажурналіста сваёй справе. Падзеі патрабуюць пацверджання, таму здымак часта выступае сведчаннем, дакументальным падмацаваннем інфармацыі. Пра што б ні вялося: пра грамадскія падзеі, палітычныя канфлікты ці з’явы прыроды, – паўсюль фота будзе неад’емнаю часткай аповеду.

    World Press Pho­to Foun­da­tion – гэта асноўная сіла для развіцця і прамоцыі працы візуальных журналістаў, для ўмацавання прафесійнай супольнасці і сувязі з публікай. Мэта фундацыі – натхняць, адукоўваць і падтрымліваць тых, хто зацікаўлены ў магчымасцях візуальных практык. За 60 гадоў існавання World Press Pho­to ператварыўся ў нешта значна большае за фотаконкурс, пашырыўся з нацыянальнага ўзроўню да глабальнага. За гэты час усё, што датычыць фатаграфіі ды журналістыкі, кардынальна перамянілася. Свет перайначыўся. Шлях стварэння, публікацыі ды ўспрымання візуальных гісторыяў зрабіў інакшай прэсу, і фатаграфія стала адною з мноства візуальных тэхналогіяў.

    Разам з тым ёсць рэчы, якія застаюцца нязменныя. Адданасць World Press Pho­to візуальнай журналістыцы і сторытэлінгу грунтуецца на перакананні, што людзі вартыя таго, каб бачыць свет па-свойму і свабодна сябе выяўляць. Крэатыўнасць, дакладнасць, бесстароннасць, справядлівасць, павага, празрыстасць і падсправаздачнасць – асноўныя каштоўнасці, якія прасоўвае фундацыя.

    Культурна-адукацыйны цэнтр ЦЭХ мае гонар прымаць выставу пераможцаў World Press Pho­to на сваёй пляцоўцы. Гэта вельмі важная падзея для нас. Мы ўпэўненыя, што фатаграфія адыгрывае адну з галоўных роляў у медыйным полі Беларусі, і што яе падтрымка, як і падтрымка незалежнай журналістыкі, – адна з галоўных задачаў у фармаванні грамадзянскай супольнасці. І тэматычная разнастайнасць і прафесіяналізм фотапрацаў, рэпрэзентаваных у межах World Press Pho­to, несумненна спрыяюць дасягненню пастаўленых мэтаў.

    Прэс-канферэнцыя арганізатараў выставы пройдзе 3 мая а 16 гадзіне.

    Урачыстае адкрыццё выставы і экскурсія для журналістаў адбудзецца 3 мая а 17 гадзіне. На пытанні адкажа куратарка і выставачная мэнеджарка выставы Yi Wen Hsia (Нідэрланды).

    Наш сайт будзе весці відэатрансляцыю ўрачыстага адкрыцця. Не прапусціце!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці