У Гомелі пасля санкцыянаванага мітынгу была затрыманая журналістка Марына Драбышэўская
Журналістка Марына Драбышэўская, якая супрацоўнічае з "Белсатам", была затрымана ў Гомелі пасля санкцыянаванага мітынгу 1 траўня. Падставы затрымання ей не патлумачылі.
Яшчэ раніцай Марына Драбышэўская паведамляла пра тое, што за яе кватэрай вялося вонкавае назіранне, аднак ёй удалося пазбегнуць затрымання. На мітынгу журналістка вяла стрым.
«Мы ішлі разам пасля мітынгу, – кажа адзін з удзельнікаў акцыі Андрэй, – Марына меркавала, што яе могуць затрымаць. За кінатэатрам “Юбілейны” да нас падʼехаў міліцэйскі УАЗік, адтуль выйшлі 2 супрацоўніка. Адзін з іх прадставіўся як старэйшы лейтэнант Шуляк і запрасіў Марыну праехаць з імі».
Падставу для затрымання Драбышэўскай не патлумачылі. Журналістка знаходзілася ў Чыгуначным РАУСе. Прыкладна ў 16.40 Марыну адпусцілі.
Нагадаем, што ў нядзелю ў Гомелі быў затрыманы таксама журналіст Яўген Меркіс. 2 мая яго будуць судзіць нібыта за дробнае хуліганства.