“Чарнобыль. Знікненне ў разрэзе” — выстава Сяргея Курылы ў Гродне
Жыццё ў забруджаным Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, пустыя вёскі і нябачныя подыхі радыяцыі — усё гэта можна пабачыць ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця на выставе фатографа Сяргея Курылы.
Фотамайстар назваў экспазіцыю з некалькі дзесяткаў працаў “Чарнобыль. Знікненне ў разрэзе”.
На здымках людзі і дамы, крыжы і дрэвы — усё тое, што ўбачыў Сяргей Курыла падчас падарожжаў у Брагін і бліжэйшыя вёскі.
— Падарожжа ў Брагінскі раён адбывалася ў канцы лютага 2017 года, — распавядае Сяргей Курыла. — Я хацеў пабачыць, як жыццё ў вёсцы будзе глядзецца са снегам. Амаль пасьпеў — графіка была вельмі цікавай, атмасфера спустошанасці добра праяўлялася. Пачынаешь жыць гэтай тэмай зусім па-іншаму. Яна пачынае “пускаць” у сябе. І бачыш, апроч стандартнага погляду, сацыяльныя пытанні, усё гэта звязваешь, спрабуешь зрабіць аналіз. На гэтых здымках я паспрабаваў паказаць як там жывуць людзі цяпер — праз 31 год пасля катастрофы. Падчас гэтага падарожжа я заяджаў да тых самых людзей, у якіх быў два гады таму. Мне вельмі шкада, што людзі пачынаюць адыходзіць. Жыццярадасны дзядуля, з якім мы разам жартавалі, гэтым разам проста не ўстаў з ложка. І яго дом цяпер зусім іншы, гэта — дом паміраючаго чалавека па сваёй энергетыцы. Было страшна і балюча на гэта глядзець. Я наведваў іншых людзей і вельмі баяўся потым туды ехаць, каб не ўбачыць нешта падобнае.
На адкрыццё выставы завітала дырэктарка брагінскага музея Надзея Мялешка, яна ўхваліла працы Сяргея Курылы:
— Яго здымкі ў Брагіне — гэта не проста ілюстрацыі забруджанай тэтыторыі. Гэта спроба дагрукацца да кожнага з гледачоў. Гэта пераасэнсаванне жыцця і смерці. Працы даюць глебу для роздуму.
У сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, фотажурналіста Аляксандра Саенкі экспазіцыя Сяргея Курылы выклікала свае эмоцыі:
— Мне здаецца, што такія падарожжы ў забруджаную Беларусь вельмі патрэбныя для абывацеля. Яны зменяць светапогляд тых, хто не выяджае за межы свайго горада ці раёна. Гэта вельмі ўражвае.
Выстава ў Гродне будзе вельмі кароткай, жадаючыя змогуць яе наведаць толькі бліжэйшыя некалькі дзён. А музычным аздабленнем адкрыцця выставы Сяргея Курылы быў выступ беларускага барда Алеся Камоцкага.
Фота Аляксандра Саенкі і Андрэя Мялешкі