Гомельскія БАЖаўцы сустрэліся з чарнобыльскімі самасёламі
Напярэдадні 31-гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС журналісты Гомельскай філіі ГА “БАЖ” у межах “Эстафеты добрых спраў” наведалі самасёлаў у вёсцы Савічы Брагінскага раёна.
“Найперш завіталі ў шматдзетную сям’ю Ірыны Палявой і Аляксандра Анапрыенкі, дзе гадуюцца трое непаўналетніх дзяцей, — тлумачыць кіраўнік Гомельскай філіі ГА «БАЖ» Анатоль Гатоўчыц. — Мы завезлі ім школьныя прыналежнасці, садавіну, сокі, салодкія пачастункі. Гэта незвычайная сям’я. Жывуць яны трынаццаць гадоў у радыяцыі. Дзве старэйшыя дачкі — Ніна і Аксана, ездзяць у школу за 17 кіламетраў, меншай Рыце пайшоў толькі трэці год. Сям’і патрэбна жыллё ў чысцейшым паселішчы, бліжай да школы — хоць бы ў Хракавічах, куды дзяцей падвозяць на вучобу. Купіць сабе хату сям’я не ў стане, а мясцовыя ўлады адказваюць, што ў іх няма сацыяльнага жылля. Так і жывуць бацькі і дзеці ў радыяцыі”.
Журналіст заўважае, што афіцыйна Аляксандар ды Ірына пакуль не зарэгістравалі шлюб. У Аляксандра раней была іншая сям’я, але траіх дачок ён запісаў на сябе, развёўся з папярэдняй жонкай. Дый Ірына зарэгістраваная ў іншай вёсцы Брагінскага раёну.
“Але калі сапраўды дбаць пра інтарэсы дзяцей, як дэкларуюць розныя дзяржаўныя камісіі, што прыязджаюць у Савічы з рознымі праверкамі, то ўсе гэтыя фармальнасці можна вырашыць і рэальна дапамагчы шматдзетнай сям’і выбрацца з радыяцыйнага палону”, — дадае Анатоль Гатоўчыц.
Наведалі гомельскія бажаўцы і больш сталых самасёлаў — Кацярыну Чэчку і Валянціну Беразняцкую, якія падзяліліся з журналістамі сваім жыццём у адселенай вёсцы.