Журналістаў Таджыкістану абавязалі называць прэзыдэнта «Заснавальнікам міру і нацыянальнага адзінства — Лідэрам нацыі». Скарачаць нельга
Журналісты Таджыкістану павінны пры згадваньні прэзыдэнта краіны Эмамалі Рахмона перад яго імем цалкам падаваць тытул, прысвоены лідэру дзяржавы спэцыяльным законам «Аб заснавальніку міру і нацыянальнага адзінства — лідэры нацыі».
Паводле аднаго з журналістаў таджыцкага дзяржаўнага выданьня, новыя правілы ўступілі ў сілу на мінулым тыдні. Калі раней можна было скараціць тытул да «Пешвои миллат» ( «Лідэр нацыі»), то цяпер трэба пісаць поўны тытул.
Дырэктар дзяржаўнага радыё Таджыкістану Фарух Зіёеў пацьвердзіў, што згадка тытулу Эмамалі Рахмона «Заснавальнік міру і нацыянальнага адзінства — Лідэр нацыі» у афіцыйных паведамленьнях зьяўляецца абавязковай, бо гэтага патрабуе закон.
«Аднак бываюць выпадкі, калі журналісты могуць выкарыстоўваць сынонімы — „Кіраўнік дзяржавы“ ці проста „Лідэр нацыі“. А ў афіцыйных паведамленьнях неабходна ўказваць цалкам усе тытулы. Ад журналістаў патрабуецца толькі выкананьне норм закону, ня больш», — сказаў ён.
Пры гэтым пакараньне за скарачэньне тытулу ў крымінальным кодэксе краіны не прадугледжана, кажа юрыст Шакірджон Хакімаў. Ёсьць толькі артыкул, паводле якога караецца зьнявага ўладальніка тытулу.
Закон «Аб Лідэры нацыі» дэпутаты аднагалосна прынялі ў кастрычніку 2016 году. Адначасова яны прысвоілі прэзыдэнту Эмамалі Рахмону статус заснавальніка незалежнага Таджыкістану, Лідэра Нацыі а таксама статус «заснавальніка міру і адзінства»
Эмамалі Рахмон — не адзіны носьбіт спэцыяльных тытулаў ў рэгіёне. Да кіраўніку Казахстану Нурсултана Назарбаева прынята зьвяртацца «Елбасы» (Лідэр нацыі), да прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдава — «Аркадаг» ( «кіраўнік, апора, надзея туркмэнаў»), а да імя нябожчыка лідэра Узбэкістану Іслама Карымава дадавалі «атаміз» («Наш бацька»).