“Газеце Слонімскай” — 20 гадоў!
Сёння ў нашай хаце свята, хоць працуе наша хата — так, перафразуючы крыху народную песню, можна сказаць пра 20-гадовы юбілей “Газеты Слонімскай”.
Журналісты, вярстальшчыкі, рэкламная служба, аддзел распаўсюду і нават бухгалтэрыя “ГС” працуюць, каб у сераду газета патрапіла да чытача. А ў большасці нашых чытачоў тым часам сёння законны выхадны. Але з таго №1 “Газеты Слонімскай”, які выйшаў 24 красавіка 1997 года, і па сённяшні № 1 038 “ГС”, які выйдзе 26 красавіка 2017 года, так было заўсёды — у газетчыкаў свой графік працы.
— Я віншую вас усіх з нашым сённяшнім працоўным юбілеем, з 20-годдзем “Газеты Слонімскай”, які мы сустракаем на працы. Больш расслаблена, не ў працоўнай атмасферы, мяркую, мы адзначым 20-годдзе газеты ў чэрвені. А сёння я дзякую вам за працу і жадаю найперш здароўя. Будзе здароўе — будзе натхненне, будзе жаданне працаваць, будуць цікавыя тэмы і будзе цікавай наша газета! — пажадаў калектыву рэдакцыі галоўны рэдактар і выдавец “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук, запрашаючы за салодкі стол, дзе чакаў вялікі юбілейны торт са Слонімскага хлебазавода.
Аднак перад частаваннем святочным тортам была яшчэ юбілейная фотасесія, якой мы крыху тут і падзелімся. І, канечне, сябры, віншаванні прымаюцца ўвесь гэты юбілейны год.
Фота з архіва “ГС”
ГА «БАЖ» віншуе калектыў «Газеты Слонімскай» з юбілеем! Шчыра радуемся за калег ды зычым поспехаў у працы! Хай работа будзе ў радасць і задавальненне! А чытачы любяць і цэняць сваю «ГС» ды яе аўтараў!