«КПБ засталася пры ўладзе», — суд адхіліў пазоў Ігара Кузьняцова да газэты «Коммунист Беларуси»
Суд Цэнтральнага раёну Менску абвясьціў нэгатыўнае рашэньне на пазоў гісторыка Ігара Кузьняцова супраць Камуністычнай партыі Беларусі, газэты «Коммунист Беларуси» і ейнага аўтара Андрэя Лазуткіна.
У некалькіх матэрыялах на тэму Курапатаў і сталінскіх рэпрэсіяў Андрэй Лазуткін называў заяўніка «фальсыфікатарам гісторыі, які атрымлівае фінансаваньне для ажыцьцяўленьня антыдзяржаўнай дзейнасьці», «палкавым прапагандыстам», якому «сталінскія рэпрэсіі мрояцца ня толькі пад кожным кустом, але і пад кожнай памыйніцай».
Перад падачай іску ў суд Ігар Кузьняцоў у пісьмовай форме зьвяртаўся да адказчыкаў з патрабаваньнем зьняць гэтую інфармацыю з сайту, а таксама надрукаваць абвяржэньне за дзесяцідзённы тэрмін, але адказу не атрымаў.
«Кампартыя засталася пры ўладзе, — іранічна пакамэнтаваў рашэньне суду Ігар Кузьняцоў. — Буду абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі».
19 красавіка на выхадзе з суду першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Георгі Атаманаў выбіў з рук тэлефон у прэс-сакратара Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, калі той спрабаваў яго сфатаграфаваць. Гарэцкі падаў заяву ў міліцыю, ён бачыць у дзеяньнях Атаманава наўмыснае хуліганства.