“Азія без цэнзуры” ад журналісткі Катажыны Ляўдацкай
Журналістка, сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Катажына Ляўдацкая ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця на сустрэчы пад назвай “Азія без цэнзуры” распавяла пра свае прыгоды падчас падарожжа ў 2015 годзе па азіяцкіх краінах.
Дзяўчына цягам двух месяцаў наведала Узбекістан, Кыргызстан, Манголію, Таджыкістан ды іншыя краіны рэгіёна.
— Калі я ехала ў падарожжа, то мала ведала пра гэтыя краіны, — гаворыць Катажына Ляўдацкая. — Інфармацыя знаходзіцца сціплая. Я чытала польскія кніжкі і выданні пра гэтыя краіны, але яны не адкрываюць усёй спецыфікі, разнастайнасці гэтых краін. Што абавязкова патрэбна ў такіх падарожжах — медыкаменты і грошы.
— Чаго трэба асцерагацца падчас паездкі ў азіяцкія краіны?
— Нічога не трэба баяцца. Калі я ехала ва Узбекістан, распавядалі страшныя гісторыі: як там гвалцяць у кішлаках, што мяне ўвогуле скрадуць і невядома што будзе. А насамрэч – прыяджаешь, а там цудоўныя людзі, які гатовыя табе аддаць апошнюю ляпёшку.
— Вы праехалі тысячы кіламетраў, якія самыя цікавыя месцы для вас былі?
— Самыя цікавыя месцы для мяне — ва Узбекістане гэта Хіва, Бухара, Самарканд. Гэта неверагодна прыгожыя старажытныя гарады, пра існаванне якіх я ўвогуле не ведала. Гэта пярліны ўсяго нашага чалавецтва. Таксама Кыргыстан — ён увесь неверагодна прыгожы. Таджыкістан. Пра гэтыя краіны хачу сказаць, што сама дарога вартая таго, каб там пабываць, бо едзешь сярод неверагодных гор, сярод пейзажаў, сярод пустыні — зусім па-іншаму пачынаешь адчуваць свет, калі бачыш гэтыя марсіянскія пейзажы, альбо стэпавых людзей, што жывуць у юртах. Гэта змяняе светапогляд.
— Куды раіце паехаць чалавеку, які падарожнічае ў асноўным па Еўропе?
— Кожная з краінаў, пра якія я распавядала, вартая таго, каб туды паехаць. Бо кожная ў нечым адметная і кожная нечым прыцягвае. Таджыкістан сваімі гарамі — сапраўды неверагодныя мясціны. Манголія — прастор, табуны вярблюдаў, коней, спецыфічная ежа: сыры, малако якаў, кумыс, конскае малако.
Журналістка частку сваіх неверагодных прыгод распавяла ў рэпартажах, што гучалі ў эфіры «Беларускага радыё Рацыя». На сустрэчу завіталі журналісты і фатографы, а таксама гродзенцы, што цікавяцца падарожжамі.
Фота Аляксандра Саенкі