«Цішыня паверхаў» ад Аляксандра Саенкі
У Гродне адкрылася выстава фатографа Аляксандра Саенкі пад назвай «Цішыня паверхаў».
У праекце, што адчыніўся 3 красавіка ў “Цэнтры гарадскога жыцця”, Аляксандр Саенка даследаваў пытанні жыцця і смерці.
«Я правёў паралелі паміж кветкамі на могілках і кветкамі, якімі людзі ўпрыгожваюць свае пад’езды. Здымаў пластыкавыя кветкі і кветкі на могілках, — кажа Аляксандр Саенка. — Для мяне персанальныя выставы ў родным горадзе — гэта як закрыць унутраны гештальт. Бо калі доўга здымаешь нейкую тэму і паказваешь яе ў Instagram, Facebook ці дзесьці ў інтэрнэце, то не адчуваеш унутранага завяршэння. Для мяне пасля выставы гэты праект становіцца “закрытым” і можна ісці далей», — гаворыць Аляксандр Саенка.
Гродзенскі журналіст, кіраўнік Цэнтра гарадскога жыцця Павал Мажэйка лічыць гэтую выставу Саенкі знакавай:
«Мы шукалі ў гэтыя перадвелікодныя дні менавіта творцу і ідэю, якая б прымусіла нас у пэўным сэнсе спыніцца ў гэтым бегу жыццёвым і задумацца над вечным пытаннем жыцця і смерці. Якраз тое, што прапанаваў Аляксандр Саенка, ягоная задума паказаць памежжа жыцця і смерці без уласна галоўных прыкметаў смерці і жыцця падалася нам проста шыкоўнай. Яна абуджае эмоцыі, змушае кожнага, хто будзе бачыць гэту выставу, паставіць важныя пытанні на сёння. Таму проста перакананы, што выстава знойдзе свайго гледача».
На адкрыццё выставы, што будзе працаваць да 18 красавіка, прыйшлі гродзенскія журналісты і фатографы, атмасферу ствараў адзін з ды-джэяў Гродна.
Аляксандр Саенка нарадзіўся 27 ліпеня 1986 года ў Гродне, Беларусь. У прафесійнай журналістыцы з лістапада 2006 года. Фотакарэспандэнт у рэгіянальнай газеце «Вечерний Гродно» з 2007 па 2011 гады.Зараз працуе як фрылансер, займаецца асабістымі праектамі. Удзельнічаў у выставах у Гродне, Мінску (Беларусь), Маскве (Расія), Страсбургу (Францыя), Вільнюсе, Каўнасе (Літва), Кіеве (Украіна), Берліне (Германія). Пераможца і прызёр у «Прэс-фота Беларусі», фотаконкурсу Фонду EVZ (Берлін), CIWEM’s Environmental Photographer of the Year, Прэмія «Фонд развіцця фотажурналістыкі», Kaunas Photo STAR. Удзельнік Міжнароднага партфоліа рэвю (Масква), кніжнага праекту BY NOW.