Гомель: на двух журналістаў за два дні склалі 11 пратаколаў
У Гомелі міліцыя жорстка пераследуе журналістаў-фрылансераў. Адразу чатыры пратаколы за незаконны выраб прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) і самаўпраўства (ч. 2 арт. 23.39 КаАП) складзеныя ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі ў дачыненні да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.
“За апошнія дні мяне выклікалі ў міліцыю, УКДБ, пракуратуру, – распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Жукоўскі. – У Дзень Волі на мітынгу каля Дома культуры таварыства глухіх нейкія асобы ў цывільным спрабавалі зацягнуць мяне ў машыну “для гутаркі”, але мітынгоўцы адбілі, не далі гэтага зрабіць. І ўжо 27 сакавіка начальнік аддзела аховы грамадскага парадку Цэнтральнага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Уладзіслаў Шукель склаў на мяне чатыры пратаколы і папярэдзіў, што перадасць іх у суд”.
Жукоўскі запісваў інтэрв’ю з гомельскімі палітыкамі, якія прапаноўвалі старшыні аблвыканкама зладзіць 25-га сакавіка ў Гомелі і райцэнтрах масавыя мерапрыемствы ў падтрымку непадзельнасці Беларусі, здымаў сюжэт пра збіццё і арышт былога афіцэра міліцыі Уладзіміра Няпомняшчых, які збіраўся ехаць у Мінск на “Марш недармаедаў”, браў інтэрв’ю ў Віталя Юрчанкі. Яшчэ адзін сюжэт быў датычны пагоні супрацоўнікаў ДАІ за самім Жукоўскім, які з напарнікам ехаў у Рэчыцу на масавую акцыю пратэсту.
Першыя дзве тэмы падпалкоўнікам міліцыі Шукелем кваліфікаваныя як незаконны (без акрэдытацыі ў МЗС) “удзел у вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, размешчанай у раздзеле “Аб’ектыў” замежнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Два іншыя сюжэты выдаюцца за самаўпраўства, паколькі Жукоўскі, як пазначана ў пратаколе, “фактычна выконваў у адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 1 закона аб СМІ функцыі журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, злоўжываў правамі і абавязкамі журналіста, удзельнічаў у вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”. За самаўпраўства прадугледжаны штраф да 50 базавых велічыняў альбо нават адміністрацыйны арышт.
“Усе гэтыя абвінавачванні ў прысваенні нейкіх фунцыяў, у незаконным вырабе прадукцыі СМІ надуманыя. Я – журналіст-фрылансер, збіраю і распаўсюджваю інфармацыю праз YouTube, сацыяльную сетку. Мне такое права дадзенае нашай беларускай Канстытуцый. І калі нехта з уплывовых інфармацыйных рэсурсаў скарыстоўвае маё відэа, я толькі радуюся: значыць, зрабіў няблага”, – тлумачыць сваю пазіцыю фрылансер Жукоўскі.
Пратакольны град за журналістыку і за сабаку
Асабліва ўзмоцненыя “знакі ўвагі” з боку міліцыі ў дачыненні да журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай пачаліся, бадай, 18 сакавіка, калі яна сабралася ў Мазыр. У той дзень там адбылася стыхійная акцыя пратэсту супраць “дармаедскага” дэкрэта. Але не на акцыю кіравалася Шчыракова на прыватнай аўтамашыне, а на святочны суботнік – збіралася зняць, як жыхары вуліц Пралетарскай, Няжнова і завулку Першамайскі прыбіраюць супольную дваровую тэрыторыю, а заадно і святкуюць перамогу. Яны выступілі супраць ушчыльнення – не далі будаваць у іх двары на месцы невялікага скверыка панэльны дом.
На трасе паблізу Рэчыцы аўтамашыну журналісткі спынілі супрацоўнікі ДАІ. Правяралі дакументы, спраўджвалі, ці не скрадзены аўтамабіль, а пасля сталі казаць пра “арыенціроўку”, якая паступіла з Гомельскага раённага аддзела міліцыі ад імя начальніка, палкоўніка Васіля Краўцова.
І пазначана ў той “арыенціроўцы”, што вышукваецца “жанчына славянкай знешнасці, узрост 35–40 гадоў, сярэдняга целаскладу, адзетая ў куртку белага колеру”. І дадаецца: “Ездзіць меркавана на аўтамашыне “Renault Logan” белага колеру, у рэгістрацыйным нумары прысутнічаюць лічбы 5 і 2”.
Аказваецца, гэтая жанчына сярэдняга целаскладу западозрана ў крадзяжы грошай у пенсіянеркі Чумаковай з вёскі Раманавічы Гомельскага раёна.
Пазней Шчыракова з’ездзіла да згаданай пенсіянеркі, дзе і высветліла, што “арыенціроўка” на яе – грубая падтасоўка. І зладжана дзеля таго, каб журналістка не патрапіла ў Мазыр на акцыю “недармаедаў”.
Увечары 24 сакавіка супрацоўнікі Гомельскага РАУС сцераглі журналістку каля яе дома, каб уручыць позву – 25 сакавіка а 10‑й раніцы быць у райаддзеле міліцыі, а пасля і ў пракуратуры.
“25 сакавіка – выходны дзень, ніхто не мае права пазбаўляць яго, – кажа Шчыракова. – Тым больш, што ў мяне былі іншыя планы на гэты дзень. Натуральна, я пайшла на Дзень волі. Пасля акцыі мяне затрымалі ў народным рэстаране “Бацькі” міліцыянты Ігар Новак і Сяргей Касакевіч, адвезлі ў гарадскую пракуратуру. Там мне ўручылі афіцыйнае папярэджанне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”, падпісанае намесніцай пракурора Ірынай Макарэвіч. Потым павезлі праз увесь горад у Гомельскі РАУС адразу да начальніка аддзела Васіля Краўцова. Той стаў пытацца: “Дзе гэта я ночыла?”
У міліцыі на Шчыракову склалі напачатку два пратаколы: няяўка па позве і незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў знешнепалітычным ведамстве (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Падставай паслужыў сюжэт “Беларускія лякарні ставяць вопыты над пацыентамі”, паказаны на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” (Польшча).
У дадатак журналістцы выпісалі позву на 26 сакавіка, у нядзелю, зноў быць у міліцыі.
“У нядзелю ад’ехала я на аўтамашыне ад дома з паўкіламера, як мяне спынілі інспектары ДАІ. Паведамілі, што я ў вышуку – нібыта паводле заявы маёй маці. І сказалі, што мне варта ехаць у РАУС, хоць я і без таго ехала. У райаддзеле міліцыі мяне трымалі блізу чатырох гадзінаў і ўвесь час складалі пратаколы”, – распавяла журналістка.
Дадаліся яшчэ пяць пратаколаў: зноў за няяўку, а фактычна за спазненне ў міліцыю; за кучу прывезенага і выгружанага на вуліцы каля дома пяску; за адсутнасць рэгістрацыі на сабаку. І новыя два пратаколы паводле ч. 2, арт. 22.9 КаАП – “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”. Капітан міліцыі Рустам Цітоў аформіў пратакол за нібыта незаконную працу 25 сакавіка на мітынгу “недармаедаў” каля ДК таварыства глухіх у Гомелі, які быў паказаны на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”.
Супрацоўнік Рэчыцкага РАУС Сяргей Жураў адмыслова прыехаў у абласны цэнтр, каб таксама скласці на Шчыракову пратакол на падставе ч. 2, арт. 22.9 КаАП – за сюжэт “Дом «на курыных лапках» у Рэчыцы. Гэта форменнае свінства”. І “вінаватая” журналістка ў тым, што, не маючы акрэдытацыі, інтэрв’юявала жыхароў гэтага дома на вуліцы Войкава і “тым самым удзельнічала ў падрыхтоўцы і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, размясціўшы ў раздзеле “Аб’ектыў” замежнага спадарожнікавага тэлеканал “Белсат”.
“А яшчэ мне прыпісваюць, – дадае Шчыракова, – што я злоўжывала правамі і абавязкамі журналіста, прадугледжанымі пунктамі 2, 4, 6 артыкула 34 Закона аб СМІ. Спачатку запісалі мяне ў замежныя журналісты, а пасля пералічваюць, што я парушыла”.
Апошні раз журналістку-фрылансера Шчыракову, якая супрацоўнічае з “Белсатам”, судзілі за ўдзел 12 сакавіка ў мірным сходзе “недармаедаў” у Рагачове. Паводле пастановы старшыні суда Гомельскага раёна Раісы Кавалевіч, журналістка мусіць сплаціць у бюджэт 161 рубель штрафу. Гэта без уліку мінулагодніх буйных штрафаў.