«Новы Замак» прэзентавалі ў Гродне
Альманах гродзенскай філіі Cаюзу беларускіх пісьменнікаў прадставілі ў Цэнтры гарадскога жыцця.
Часопіс «Новы Замак» адметны тым, што сярод яго аўтараў вялікя колькасць беларускіх журналістаў.
Рэдактарам часопіса з’яўляецца Сяргей Астравец, сталы аўтар «Радыё Свабода», чалавек з якім звязана ў Гродне выданне газеты “Пагоня” .
На прэзентацыі Сяргей распавёў, што менавіта ў гэтыя дні 25 год таму ў свет выйшаў першы нумар газеты і павіншаваў усіх прысутных з гэтай датай.
А таксама Астравец распавёў пра адметнасці нумара. Прозу і вершы ў гэтым нумары прадаставілі такія журналісты як Сяргей Астравец, Сяргей Чыгрын, Віктар Сазонаў і Андрэй Мялешка. Журналістка Інга Астраўцова прадставіла ў нумары свае «Кінагісторыі», а старонку «Памяць» у нумары прысвяцілі пайшоўшаму ў іншы свет журналісту і паэту Юрыю Гуменюку.
Сустрэча цягнулася больш за дзьве гадзіны, і пісьменнікі, і паэты маглі не толькі прадставіць свае творы, а выказаць рэакцыю на творы сваіх калег.
Пра альманах распаавядае кіраўнік гродзенскай філіі Cаюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка:
— Альманах гэты прадставіў цэлы спектр гродзенскіх аўтараў не толькі з Гродна, але і з гарадоў Гродзенскай вобласці. На сённяшні час многа выдаецца па Беларусі розных часопісаў. А наш адметны тым, што абіралі так, каб гэта быў высокамастацкі твор. І гэта адзінае. Ніякіх палітычных, ніякіх іншых абмежаванняў, калі выдаваўся гэты альманах, — не было. Працаваў над ім галоўны рэдактар Сяргей Астравец — ён аддаў гэтаму нумару душу, сэрца, вольны і працоўны час. Падыходзіў да аўтараў з разуменнем, каб быў матэр’ял, які варта чытаць. І я магу адзначыць, што ў нумары выдатная паэзія, добрая проза.
На думку рэдактара «Новага замку» Сяргея Астраўца нумар адметны тым, што ў ім нарэшце з’явіліся апавяданні пра горад, пра Гродна, гродзенскія гісторыі, у якіх гісторыя звязана з сучаснасцю, сягае ў наш дзень, гэта апавяданні, якія напісаў Віктар Варанец.
Гэты нумар «Новага Замку» можна знайсці на палічках Цэнтра гарадскога жыцця ў Гродне.
Фота Андрэя Мялешкі