У Гомелі караюць арыштамі і штрафамі за паведамленні ў Facebook пра Дзень волі
Суддзя Цэнтральнага раёну Гомеля Алеся Восіпава пакарала інваліда Андрэя Макарава 7-суткавым арыштам за інфармацыю пра Дзень волі ў Facebook.
Адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 і скрыншоты з Facebook паступілі ў суд з Цэнтральнага РАУСу.
Андрэй Макараў звяртаў увагу суда, што на яго старонцы ў Facebook няма заклікаў прыходзіць на несанкцыянаваную акцыю. Суддзя Восіпава зачытала вытрымку са скрыншоту. У публікацыі на сваёй старонцы нібыта Макараў піша, што сядзець дома на Дзень волі яшчэ больш небяспечна, чым выходзіць на вуліцу.
“Гэта нават не судзілішча, а наданне выгляду судовага разбіральніцтва “ўказіўцы”, спушчанай зверху”, — сказаў Макараў.
За разглядам адміністрацыйнай справы назіраў дацэнт Гомельскага ўніверсітэту імя Францішка Скарыны Віктар Адзіночанка, які прадстаўляе ў рэгіёне Беларускі Хельсінскі камітэт:
“Гэта інсцэніроўка суда. Рашэнне было падрыхтавана загадзя — суддзя яго выдала, нават не абдумваючы ўсё пачутае. Не прыведзена доказаў, што Макараў заклікаў прыйсці 25 сакавіка а 12‑й гадзіне на плошчу Паўстання. Паўтару, што гэта адкрытая інсцэніроўка адміністрацыйнага працэсу”.
За інфармацыю ў Facebook пра Дзень волі Савецкі суд Гомеля сёння пакараў 8 суткамі арышту Андрэя Толчына і Юрася Захаранку. Штраф у памеры 15 базавых велічыняў (375 рублёў) атрымаў малады гамяльчук Дзмітры Сямковіч.
Сёння ж у Чыгуначным судзе Гомеля маюць судзіць за размяшчэнне інфармацыі ў Facebook пра Дзень волі Мікалая Пяшко і Арцёма Шапарава.