У Брэсце распаўсюджаны тэматычны бюлетэнь, прысвечаны мірным акцыям супраць дэкрэта № 3
Акрамя матэрыялаў, дзе распавядаецца пра самі акцыі, у бюлетэні змешчана інфармацыя пра затрыманні і суды над удзельнікамі “маршаў недармаедаў”, а таксама журналістаў, што асвятлялі гэтыя падзеі.
Распаўсюдам бюлетэня на пешаходнай вуліцы Савецкай займаліся актывісты брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і грамадскай кампаніі “За наш горад”. Інцыдэнтаў падчас раздачы амаль 300 асобнікаў друкаванай прадукцыі зафіксавана не было.
Як паведаміў службе маніторынга ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лідар мясцовых сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі, у бюлетэні апублікавана партыйная заява, у якой выказваецца пратэст у сувязі з масавым затрыманнем і адміністрацыйнымі пакараннямі ўдзельнікаў акцый супраць дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, а таксама журналістаў і блогераў, што асвятлялі гэтыя акцыі.
Нагадаем, сярод тых, хто быў асуджаны на 15 сутак — брэсцкія блогеры Сяргей Пятрухін (ён пакараны завочна) і Дзмітрый Гарбуноў.
— Людзі, з якімі мы размаўлялі падчас распаўсюду бюлетэня, падтрымлівалі нашу пазіцыю з нагоды неабходнасці адмены згаданага дэкрэта, і былі абураныя рэпрэсіямі ў дачыненні да тых, хто выказвае сваё меркаванне, — адзначыў Маслоўскі. — Улады павінны спрыяць стварэнню новыя працоўных месцазў з годным заробкам, бо арыштамі і штрафамі гэтую праблему не вырашыш.