Затрыманых раніцай у Оршы журналістаў адпусцілі, пасля акцыі затрымалі іншых
У Оршы прайшлі ператрусы ў актывістаў і журналістаў, якіх спрабавалі нейтралізаваць перад сённяшняй акцыяй.
У Воршы пасьля «Маршу недармаедаў» затрымалі журналістаў (Абнаўляецца)
Ператрусы былі ў актывіста Канстанціна Анташкевіча і журналіста Беларускага Радыё Рацыя Арцёма Сізінцава. Да Сізінцава наведаліся два супрацоўнікі міліцыі, капітан Лаўрушкін і лейтэнант Шыбека з двума панятымі — шукаюць «фальшывыя купюры».
Старшыню гарадской арганізацыі АГП Валянціну Ігнаценка блакавалі дома: пасля 9‑й раніцы сталі званіць і грукатаць у дзверы асобы ў цывільным у чорных шапачках.
Па адрасе, дзе прапісаны рэдактар рэгіянальнага сайту оsha.eu Ігар Казмерчак, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Каля яго пад’езда дзяжурыць чорная машына.
Актывіста Ігара Грышанава затрымалі на запраўцы на рэмзаводзе. Даставілі ў аддзяленне міліцыі.
Тым часам на вакзале супрацоўнікі Аршанскага УУС на транспарце затрымалі журналістаў Адар’ю Гуштын і Сяргея Гудзіліна, якія прыехалі з Мінску. Іх даставілі ў апорны пункт, паведамляе сайт spring96.org.
Адар’я Гуштын размясціла ў facebook відэа з тлумачэннем што ж адбылося ў Оршы з журналістамі.
У журналісткі «Народнай Волі» ў цягніку, калі яна ехала ў Оршу, правяралі пашпарт.
Таксама затрыманы рэдактар сайта «Народные новости Витебска» Сяржук Серабро. «Фармальна нас не затрымалі, а забралі для праверкі пашпарты ды адвялі нас у залю падвышанай камфортнасці на вакзале. Сказалі, што правяраюць ці не здзейснілі мы нейкія злачынствы», — распавёў Сяргей baj.by.
Дакументы для праверкі забралі і ў віцебскіх карэспандэнтаў tut.by Таццяны і Ігара Матвеевых.
Стала вядома, што Матвеевых і Серабро адпусцілі за 10 хвілін да пачатку акцыі супраць дэкрэта № 3, абвешчанай на 13.00.
Гуштын і Гудзіліна адпусцілі каля 14.00, калі акцыя ўжо завяршылася. Адар’я Гуштын напісала скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія перашкодзілі ёй выканаць свае прафесійныя абавязкі.