Першая крымінальная справа за «суполкі смерці» распачата ў Беларусі
Псіхіятры паведамілі, што ў Беларусі пачалі рэгістравацца выпадкі спроб суіцыду маладых людзей, якія трапілі ў залежнасць ад сацсетак.
Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта Беларусі па факце спробы самагубства школьніцы, якая патрапіла ў залежнасць ад «суполкі смерці» ў сацсетках, распачата крымінальная справа, паведаміла газета «СБ. Беларусь сегодня», са спасылкай на старшага памочніка пракурора Віцебска Вольгу Каралёву.
«…Дзяўчынка праходзіць лячэнне ў абласным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі. Гарадскім аддзелам СК распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 146 (схіленне да самагубства) Крымінальнага кодэкса Беларусі», — адзначыла Каралёва.
Паводле яе слоў, школьніца ўваходзіла ў закрытую «суполку смерці», зарэгістраваную ў сацсетках, крок за крокам яна праходзіла «квэст» з элементамі суіцыду. Прадухілілі самагубства супрацоўнікі міліцыі, адзначыла памочнік пракурора Віцебска.
Выданне таксама цытуе галоўнага доктара Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Алены Мартынавай: па яе звестках, гэта не адзіны такі выпадак у горадзе. Мартынава адзначыла, што 17-гадовая дзяўчына размясціла ў сацсетку перадсмяротную запіску, у цэнтр пра яе паведаміла студэнтка медуніверсітэта. «Мы адразу звярнуліся ў кампетэнтныя органы, і дзяўчынку выратавалі. Цяпер яна практычна ў норме, рыхтуецца да выпіскі з стацыянара. Падобныя гісторыі здарыліся ў Віцебску яшчэ з трыма дзяўчынкамі, адна з якія лечыцца амбулаторна», — сказала псіхіятр.